Skip to main content

Рэліквіі св. Яна Боско наведалі Гродзенскую катэдру

img 6797 thumb30 жніўня вернікі Гродна мелі магчымасць аддаць пашану рэліквіям св. Яна Боско і праз Яго заступніцтва ўзнесці свае малітвы да Бога за моладзь, ад якой залежыць будучыня нашай краіны.

Нажаль многія негатыўныя тэндэнцыі сярод маладога пакалення ў Беларусі перашкаджаюць маладым асобам прыйсці да сапраўднай веры і знайсці сваё шчасце ў следаванні за Хрыстом у штодзённым жыцці. Многія бацькі сустракаюцца з праблемамі ў выхаванні свайго патомства і таму, постаць св. Яна Боска, прыклад Яго жыцця і метады яго выхавання моладзі застаюцца яшчэ больш актуальнымі ў наш час. Таму рэліквіі гэтага вядомага святога для гарадзенцаў з'яўляюцца дарам Бога, знакам еднасці святых і іх духоўнай падтрымкі.

Асаблівае адчуванне велічнасці моманту гарадзенцы адчулі сваім сэрцам прымаючы ўдзел у літургіі св. Імшы, якая распачалася праз гадзіну пасля прыбыцця рэліквій і якую цэлебраваў Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі ў лучнасці з шматлікімі святарамі, сярод якіх былі таксама святары салезіянскай супольнасці на чале са сваім інспектарам кс. Анджэем Вуйкем SDB. Гродзенскі архіпастар у сваім прывітальным слове на пачатку св. Імшы, якую цэлебраваў за ўсіх прысутных, сказаў што ў перажываным Годзе веры "...ведаючы жыццёвую гісторыю св. Яна Боска, можам праз яго заступніцтва прасіць ласкі веры для нас".

Пасля прачытання св. Евангелля кс. Аляксандр Яшэўскі SDB у сваёй пропаведзі адкрыў некаторыя цікавыя моманты з біяграфіі св. Яна Боско, кладучы акцэнт на багатую спадчыну сапраўднага хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі, якую заставіў гэты святы.

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч катэдральнага касцёла імя св. Францішка Ксаверыя падзякаваў кс. салезіянам за выдатную магчымасць прымаць рэліквіі заступніка моладзі;  кс. Анджэй Вуек SDB, інспектар кс. салезіянаў выразіў удзячнасць ардынарыю Гродзенскай дыяцэзіі за малітву і адкрытасць, а катэдральнаму душпастару за гасціннасць і дапамогу ў арганізацыі перэгрынацыі; кс. біскуп асаблівым чынам скіраваў словы падзякі супольнасці ксяндзоў салезіянаў, якія працуюць у Гродзенскай дыяцэзіі, за плённую працу з дзецьмі і моладдзю.

Пасля св. Імшы парафіяльная супольнасць на працягу некалькіх гадзін, мела  магчымасць ушанаваць рэліквіі св. Яна Боска.