Skip to main content

У Смаргоні ўшанавалі рэліквіі святога Яна Боска

10З 25 жніўня ў Беларусі адбываецца перэгрынацыя рэліквій святога Яна Боска, якая працягнецца па 30 жніўня. Рэліквіярый з парэшткамі святога наведвае ўсе салезіянскія супольнасці ў нашай краіне: Мінск, Бараўляны, Раўбічы, Багданава, Смаргонь, Баруны, Варняны, Жупраны, Дзятлава, Наваельню а таксама мінскую і гродзенскую катэдры. 28 жніўня рэліквіі святога Яна Боско прыбылі ў салезіянскую парафію Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.

Урачыстасць распачалася каля брамы касцёла, дзе некалькі тысяч вернікаў з радасцю сустрэлі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Праз некалькі хвілін прадстаўнік Папы з усімі святарамі, дзецьмі, моладдзю, старэйшымі і запрошанымі гасцямі, сярод якіх былі старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой, прадстаўнікі мясцовай улады і кіраўніцтва навучальных устаноў горада, вырушылі ў працэсіі, каб прывітаць рэліквіі, аддаць пашану святому – айцу і настаўніку моладзі, заснавальніку салезіянскай сям’і. Вернікі сустрэлі аўтамабіль з рэліквіямі святога Яна Боска на кальцы ў цэнтры горада і ў святочнай працэсіі з малітвай, спевамі і музыкай вырушылі да святыні. Пасля ўстанаўлення рэліквій каля летняга алтара распачалася ўрачыстая Святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі.

Падчас прывітальных слоў арцыбіскуп адзначыў, што прысутны сярод нас святы Ян Боска падтрымлівае моладзь у цяжкасцях, дае ёй сілы, надзею і веру ў Бога.

Пасля Святой Імшы рэліквіі перанеслі ў касцёл, дзе кожны з вернікаў меў магчымасць прыватнай малітвы каля вялікага святога.

Праз некаторы час катэхезай арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці распачалася першая частка моладзевага чування. У сваёй прамове да моладзі арцыбіскуп заклікаў маладых католікаў у Год Веры браць прыклад з веры св. Яна Боска і наследаваць яго ў сваім жыцці.

У другой частцы чування ў сімвалічным дыялогу маладога чалавека з ксяндзом Янам Боска кожны прысутны мог пачуць адказы ад святога на хвалюючыя яго пытанні. Завяршылася моладзевая малітва пры рэліквіях шляхам святла.

Чуванне працягвалася да ранішняй Святой Імшы асабіста або ў парафіяльных групах. Апошнімі ўшанавалі рэліквіі першакамунійныя дзеці.

Апоўдні распачалася развітальная Святая Імша, на якую былі асабліва запрашаны дзеці, моладзь, настаўнікі і выхавацелі. Адбылося ўрачыстае адкрыццё новага катэхетычнага і навучальнага года, а таксама аднаўленне манаскіх абяцанняў паслухмянасці, чысціні і ўбоства клерыка Алега Каралёва,SDB.

Са Смаргоні рэліквіі накіраваліся ў Дзятлава, Наваельню і Гродна.

Перэгрынацыя з’яўляецца падрыхтоўчым этапам да святкавання 200-годдзя святога, якое прыпадае на 16 жніўня 2015 года. Беларусь – адна са 130 краін, якая далучылася да сусветнай перэгрынацыі рэліквій, што трывае з 2009 г. і працягнецца да 2015 г. Чакаецца, што за гэты час рэліквіі святога пабываюць у 130-ці краінах на пяці кантынентах, наведваючы ўсе месцы, дзе прысутнічае салезіянская харызма.

Сёння ў свеце налічваецца каля 15 тысяч салезіянаў ксяндза Боска і 14 тысяч Дачок Марыі Дапамогі. З іх 18 святароў салезіянаў і пяць сясцёр-салезіянак працуюць у Беларусі.

Ермак Вераніка, Аляксандр Манчак