Людзі кажуць, што дзеці – гэта нашае ўсё. Што ж, ёсць у гэтым шмат праўды. І нават вельмі шмат. Моладзь з фарнага касцёла горада Ліды на мінулым тыдні ажыццявіла невялікі праект. Можна назваць яго “дзеці растлумачваюць бацькам важныя рэчы”. Менавіта бацькам і адмыслова важныя. Далей па парадку.
Штогод летам пры парафіі ў два туры арганізоўваецца летнік, т.зв. вакацыі з Богам. Дзеці прыходзяць раніцай на святую імшу, пасля імшы трошкі спеваў, пазней – розныя гульні, напрыканцы – супольны абед. Зразумела, што за столькі гадоў ёсць свае традыцыі тыпу паходу ў парк, катання на рамонцы і арбіце, выцягвання пазелянелых дзяцей з ракушак. Ёсць шмат чаго і, думаю, дзецям заўсёды цікава. За цэлае лета вёска, бабулі і дзядулі, родны двор, дзіцячы лагер надакучваюць і касцёл – гэта найлепшая магчымасць змяніць абстаноўку.
Што ж, а чым быў цікавы летнік у гэтым годзе? Моладзь разам з сёстрамі паспрабавала дабавіць новую ноту ў вакацыі з Богам. Менавіта ноту. Кожны дзень дзеці вучылі песні, танцавалі і сваімі сучаснымі рытмамі выклікалі незадаволеныя позіркі артадаксыйных бабуляў. А 24 жніўня, у суботу, яны ўсе разам далі канцэрт для сваіх бацькоў, бабуляў і дзядуляў. Праз спевы дзеці расказвалі пра розныя рэчы (дарослыя, калі гавораць пра іх, робяць вельмі разумныя твары). Людзей было няшмат, чалавек каля сарака, але не ў колькасці справа. Слёзы мамаў і нават некаторых татаў былі доказам таго, што дзеці ў той вечар мелі шмат рацыі.
Песні спяваліся па-польску, па-беларуску і па-ангельску. Дарэчы, ангельскія творы дзеці заводзілі не горш, чым якія-небудзь іншыя. Вытаптаная трава пад касцёлам – вынік дзіцячых танцаў, а ўвага ўсіх прахожых – знак, што дзеці спявалі выдатна. Напрыканцы песня на біс, фота для мясцовай газеты – і ўсе разыходзяцца па дамах. Толькі моладзь яшчэ з дзве гадзіны “тусавалася” пад касцёлам. Але на тое яна і моладзь.
Чуў ад місіянераў, што калі прыязджаеш у іншую краіну, то галоўнае – быць з людзьмі, якія патрабуюць тваёй прысутнасці. Калі прыедзеш у якасці вялікага евангелізатара, то можаш мець праблемы. Магчыма, гэтага сёння не хапае ўсім нам. Калі мы зачыняемся ў сваіх праблемах, то перастаем быць з дзецьмі, а толькі іх вучым. Мы будуем мяжу паміж намі і імі і не дазваляем меншым мець рацыі.
Дзеці – гэта нашае ўсё. Спявайце з вашымі дзецьмі. Навучыцеся граць на якім-небудзь інструменце і спявайце з імі. Вы ўбачыце, што гэта неапісальна прыемнае і павучальнае. Гэты прыём праверылі ў Лідскай Фары, ён на 100% сябе апраўдаў. Лёгка не было. Але вынік прыйшоў нечакана і здзівіў усіх.
Арцём Ткачук