XХІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
“Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены”? Той, хто задаў гэтае пытанне, лічыў, што Божае Валадарства прызначана выключна для юдэяў і што язычнікі зусім не будуць дапушчаныя туды. Адказ Езуса, павінна быць, проста ашаламіў яго. Езус растлумачыў, што ніхто не мае пропуску ў Божае Валадарства ў кішэні, яго чалавек атрымлівае як ўзнагароду за сваё жыццё.
Паважаныя, ўсім нам пагражае сур'ёзная небяспека. Лёгка меркаваць, што калі чалавек звярнуўся да Хрыста і вызнае веру ў Яго, то тым самым можа сядзець спакойна ў баку, як быццам ён дасягнуў сваёй мэты. Забываем, што шлях хрысціяніна – гэта бесперапынны ўздым па горнай сцежцы да вяршыні гары, шлях цяжкі і поўны нечаканасцяў. Аднак, многім словы Езуса паказаліся цяжкімі, і яны спрабавалі апраўдацца: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.
Некаторыя думаюць, што ўжо адзін прыняты сакрамант хросту забяспечыць ім усё, і жыццё ў ласцы з Богам, і Яго благаслаўленне, і збаўленне. Разумеем, аднак, што не кожны чалавек, які жыве ў хрысціянскім грамадстве, можа лічыцца хрысціянінам; ён можа быць разам, знешне, прытрымлівацца пэўных рытуалаў, а ў рэчаіснасці ён толькі з назвы хрысціянін.
Разважаючы над гэтым, Езус працягвае, што ў Божым Валадарстве будуць сюрпрызы. Цалкам магчыма, што вялікія і вядомыя гэтага свету зоймуць вельмі сціплае месца ў будучым свеце, а непрыкметныя ў гэтым свеце зоймуць каралеўскае месца ў будучым.
Ёсць адна легенда пра жанчыну, якая прывыкла да раскошы і ўсеагульнай павагі. Калі яна памерла і душа яе увайшла ў іншы свет, анёл павёў яе да яе новага дому. Яны праходзілі міма многіх прыгожых палацаў, і жанчына кожны раз думала, што вось… наступны… прызначаны для яе. Але яны абмінулі галоўную вуліцу і прыйшлі да ўскраіны, дзе хаты былі значна меншыя. І, нарэшце, на самай ускраіне, дайшлі яны да хаткі, вельмі маленькай: “Вось ваша жыллё” – сказаў анёл. “Як гэта? – сказала жанчына, – я не магу жыць у такім доме”. “Прабачце, – сказаў анёл, – але з таго, што вы даслалі сюды, мы нічога іншага не змаглі пабудаваць”.
На нябёсах мераюць іншымі мерамі, чым на зямлі. І вельмі часта першыя на зямлі там будуць апошнімі, а апошнія на зямлі – першымі.