Skip to main content

XХI Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

І Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сёння Езус кажа нам: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць”.

Што ў маім жыцці можа быць такой вузкай брамай?

Што не дазволіць мне ўвайсці да Валадарства нябеснага? Езус праз сваё Слова заахвочвае мяне задумацца над маім духоўным узростам. Ці працую я над сабою, ці сапраўды пасля кожнай споведзі я імкнуся працаваць над сваімі слабасцямі, ці толькі цешуся з адпушчэння грахоў і далей патупаю таксама?

Ніхто не хацеў бы пачуць моцныя словы Пана: “Не ведаю вас, адкуль вы… адыдзіце ад мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”. Часта мы прыходзім на спатканне з Хрыстом у Эўхарыстыі, молімся… але зусім не змяняем нашага жыцця. Можна бачыць такую карціну: выходзім з касцёла, хочам даехаць да дому аўтобусам альбо тралейбусам (у большых гарадах), і калі толькі хтосьці нас выпадкова падштурхнуў, пачынаем крычаць, скардзіцца ўсю дарогу. А дзе ж месца цноце пакоры? Дзе плады нашага спаткання з Панам, крыніцай любові і дабраты? Нас, калі мы выходзім з касцёла, па нашаму захаванню іншыя людзі павінны адрозніваць, бачыць, тое, як сустрэча з Богам змяняе нашае сэрца. А мы так часта не перажываем сапраўднай сустрэчы з Богам, гаворым самі, або з суседам, і не маем жадання паслухаць, што Бог хоча нам сказаць, на што трэба нам звярнуць увагу, у чым выправіцца.

Бог глядзіць на нашы чыны і любоў да бліжняга. Варта праняцца словамі Пана: “І апошнія будуць першымі, і першыя будуць апошнімі”.