Skip to main content

Рэкалекцыі для дзяўчат адбыліся ў Навагрудку

DSC00102webЗ 15 па 18 жніўня ў Навагрудку, у манастыры сёстраў-назаратанак адбываліся рэкалекцыі для дзяўчат старэйшага школьнага ўзросту. Да сёстраў-назаратанак на гэты раз прыехалі больш за 35 дзяўчат са Смаргоні, Свіслачы, Нарачы, Ліды, Гродна. Таксама прымалі ўдзел у рэкалецыях і юныя навагрудчанкі.

Арганізатары рэкалекцый – кс. Вадзім Сурвіла і с. Клара прыгатавалі для рэкалекцыяністак некалькі канферэнцый, якія ўмоўна былі падзеленыя на тры тэмы: “Веру ў Бога-Айца”, “Веру ў Езуса”, “Веру ў Духа Святога”. Канферэнцыі і разважанні прызваны былі дапамагчы маладым вернікам задумацца, ці адкрыты іх сэрцы на дары Святога Духа, які прабывае з імі ад самага хросту і канфірмацыі? Ці гатовы яны зноў распаліць у сябе гэты агонь Хрыста?

Узмацнялі адзінства ўсіх удзельніц рэкалекцый святыя Імшы і поўныя радасці вечары ў кастра, а супольныя малітвы і адарацыі напаўнялі моцай і адвагай. Раз’язджаліся, адчуваючы сябе апосталамі нашага часу, якія вырашылі сведчыць аб сваёй веры, бо “не змогуць не гаварыць аб тым, што бачылі і чулі”.

Наступная сустрэча для дзяўчат у манастыры сёстраў-назаратанак у Навагрудку адбудзецца на восеньскіх канікулах. Сёстры шчыра запрашаюць усіх жадаючых прыняць у іх актыўны ўдзел.

Дзякуем с. Клары за дасланыя матэрыялы.