Skip to main content

Дзень Нараджэння касцёла ў Дзярэчыне

uraczyst4У нядзелю, 18 жніўня, у парафіі Дзярэчын Зэльвенскага раёна адзначалася свята сотай гадавіны асвячэння касцёла. Парафія, канешне, існуе нашмат больш, але сцены сучаснага храма былі ўзнесены роўна стагоддзе назад. За сваю гісторыю як касцёл, так і парафія перажылі шмат падзей, як прыемных, так і ганебных. Але сёння храм стаіць “як новенькі” і радуе вока людзей.

На ўрачыстасць прыбыла шмат гасцей: аўтобус з Ліды-Фары, аўтобус пілігрымаў з Аўстрыі на чале з а. Юзафам, колішнім плябанам Дзярэчына, і іншыя госці з ваколіц. Зразумела, прэзбітэрый быў поўны духавенства на чале з біскупамі Аляксандрам Кашкевічам, Антоніем Дзем’янка і Казімірам Велікасельцам. Граў квартэт з філармоніі з Мінску, спяваў мясцовы хор. Бабулі, натуральна, апранулі святочныя хусты. Было бездакорна ўрачыста.

Пазней – канцэрт пад касцёлам. Розныя творчыя калектывы выступалі перад публікай, якая жмурылася ад сонца. Старэйшыя асобы хутка занялі месцы з боку, пад вялікім дрэвам, у цянёчку. Усё было ціха і спакойна.

І вось дайграна апошняя песня. Публіка паціху разбрыдаецца па хатах, паненкі хутка прыбіраюць упрыгожванні са сцэны... Як кажуць “свята, свята і па свяце”. Дзярэчын вяртаецца ў штодзённасць. А сцены касцёла пачынаюць сваю другую стогадовую адлегласць.

Для чаго, скажаце, святкаваць угодкі сцен? Мы ж не святкуем дзесяцігоддзе альбо іншае -годдзе нашых кватэраў ці дамоў. Для кожнага гэты юбілей патрэбны па-свойму. Адным для таго, каб паказаць, які ён добры арганізатар, другім – каб выкарыстаць магчымасць папрацаваць гуртам з парафіянамі і супольна пацешыцца такой даце, трэцім гэта так сабе – “трэба – бо трэба”. Што ж, можа кожны мае трошкі рацыі, але галоўнае – не забыцца пра тое, што касцёл – гэта мы, а ўсё іншае – дадатковае.

Сцены святыняў нас ахоўваюць ад ветру, сцюжы ці летняй спякоты. Але ніхто, акрамя нас, не можа абагрэць касцёл, напоўніць яго хатнім цяплом. Толькі мы робім з простай адмысловай будыніны святыню. І гісторыя храма ў Дзярэчыне гэта даказвае. Пачытайце, гэта цікава (матэрыял вось тут  і тут).

Сцены, як людзі. То падаюць, то паўстаюць, то стаяць у самоце, то несупынна гамоняць. Няхай жа чырвоныя сцены касцёла Дзярэчына ніколі не застаюцца адны, бо “сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму” (Быццё 2:18).

Арцём Ткачук

Фота з падзеі можна пабачыць тут.