Skip to main content

XX Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У мінулую нядзелю мы пачулі аб тым, як Езус нагадваў сваім вучням пра неабходнасць быць пільнымі. Гэты заклік Ён (у сённяшнім фрагменце Евангелля) абгрунтоўвае указаннем на дзеянне, якое павінна наступіць пасля Яго прыходу на гэтую зямлю. З прыходам Езуса павінен наступіць час цяжкай барацьбы, якая адбудзецца паміж людзьмі пры вырашэнні пытання, ці стаць ім на бок Хрыста або ісці супраць Яго, бо адбудуцца падзелы і разлады, ганенні і кровапраліцці, з прычыны прыналежнасці да Хрыста.

“Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся”. Пад гэтым “агнём” нельга разумець ні Святога Духа, ні Божае Слова з яго ачышчальнай сілай, ні агонь пераследванняў, які зведвае вернікаў. Істота агню складаецца ў тым, што ён разбурае рэчы і вынішчае ўсё, што можа быць знішчана, а знішчальнае, якое не паддаецца яго разбуральнаму дзеянню, ачышчае ад усялякіх прымешак. Таму мы павінны бачыць у гэтым агню духоўную сілу, якая разбурае актуальны строй свету, знішчае ў ім усё тленнае і злое, і гэтым самым ачышчае яго і пераўтварае яго ў новы свет, здольны да вечнага існавання.

Сутнасць хрысціянства заключаецца ў тым, што вернасць Хрысту стаіць вышэй за ўсіх і усё на гэтай зямлі, нават самых дарагіх сувязяў. Чалавек веруючы ў Хрыста павінен быць заўсёды гатовы быць сведкам Яго навукі.

Мінулыя стагоддзі яскрава паказалі, што вернасць Хрысту шмат каштуе, а часам прыходзілася нават аддаваць сваё жыццё. Прапаную Вашай увазе адзін прыклад сапраўднай веры.

Дэкій Траян (249-252 г.) быў адным з самых ненавісных да хрысціян імператарам. Як чалавек грубы, ён не думаў шмат пра веру, падзяляючы перакананне, што цэласць і дабрабыт дзяржавы стаіць у непарыўнай сувязі з захаваннем старажытнай рэлігіі. З хрысціянамі Дэкій задумаў паступіць вельмі проста – вынішчыць іх цалкам. У 250 годзе ён выдаў эдыкт да ўсіх абласных кіраўнікоў, якім загадваў усімі мерамі, не выключаючы і гвалтоўных, прымушаць хрысціян прытрымлівацца старажытнай дзяржаўнай рэлігіі. Пераслед хрысціянаў, які пачаўся гэтым эдыктам, пераўзышоў сваёю жорсткасцю ўсе папярэднія.

Урад устанавіў пэўны парадак пераследу. Да пэўнага часу ўсё хрысціяне вядомай вобласці павінны былі з'яўляцца ў прызначанае месца і прыносіць ахвяры. Калі ж яны не з'яўляліся добраахвотна, то паліцыя шукала іх, пры дапамозе пяці выбраных грамадзян. Некаторыя з хрысціянаў ратаваліся ўцёкамі, ў такіх канфіскавалі маёмасць, і яны гублялі ўсе грамадзянскія правы. Некаторыя здраджвалі хрысціянству і прыносілі ахвяры ідалам. Iншыя, хоць не прыносілі ахвяр, але атрымлівалі ад суда “сведчанні” ў прынясенні іх. Былі і такія, якія прызнаваліся хрысціянамі, але, пасля жорсткіх пакут, слабелі і адракаліся ад веры. Аднак было нямала і такіх, хто перажывалі разнастайныя пакуты і былі замучаныя да смерці.

Асабліва іх было шмат у Нікамідзіі. Для суда над вязьнямі сюды аднойчы прыбыў імператарскі чыноўнік. Ён загадаў сабраць усіх грамадзян, каб тыя адкрыта абвясцілі сваю веру.

– Хай кожны скажа сваё імя і званне! – запатрабаваў суддзя-язычнік.

Адзін багаты рымлянін, па імя Кодрат, употай вызнаваў Хрыстову веру, стаяў ззаду ўсіх тых, хто сабраўся і здаваўся староннім гледачом. Ніхто не меркаваў, што гэты знакаміты рымлянін -- хрысціянін. Заўважыўшы нясмеласць, якая ахапіла некаторых з хрысціян, Кодрат вырашыў падаць ім прыклад і паказаць, што значыць вызнаваць веру ў Бога. Ён выйшаў наперад і гучна заявіў:

– Наша імя – хрысціяне, наша званне – слугі Хрыста, а айчына наша – Неба.

– Пачуўшы гэта, чыноўнік загадаў схапіць незнаёмца. Але Кодрат сам падышоў да суддзі і, перахрысціўшыся, усклікнуў:

  – Я ад імя ўсіх кажу табе, што ўсе тут прысутныя – воіны Хрыстовы, непалоханыя адкрыта заявіць пра гэта.

І сапраўды, хрысціяне вырашылі лепш памерці за Хрыста, чым адмовіцца ад веры ў яго.

У нашай краіне няма пераследаў, аднак гэта нас не звальняе ад вернасці Хрысту. Таму, давайце будзем людзьмі супакою, справядлівасці, цярпення, людзьмі дабра, гатовымі папрасіць прабачэння і дараваць. Не адказваць на зло злом, але цёплымі словамі і добрымі справам сведчыць пра тое, што Езус жывы і Ён з намі.