Skip to main content

Рэкалекцыі для сем’яў з дзецьмі завершыліся ў Навагрудку

SAM 0766У рэкалекцыях прынялі ўдзел 13 поўных сужэнстваў, а таксама некалькі ўдзельнікаў без пар з Мінску, Віцебску, Гродна, Смаргоні і Навагрудка. Большасць прыбылых сем’яў – шматдзетныя, пяць сужэнстваў удзельнічалі ўпершыню. Рэкалекцыі прайшлі пад дэвізам “Веруй у Госпада Езуса Хрыста, і ўратуешся ты сам і ўвесь дом твой”.

На працягу тыдня, з 7 па 13 жніўня, сямейныя пары і іх дзеці разам са святаром Мікалаем Ціхановічам і сёстрамі-назаратанкамі, якія прыгатавалі праграму і варункі для рэкалекцый, маліліся і разважалі на духоўныя тэмы, разам адпачывалі, гулялі з дзецьмі. Кожны дзень яны прымалі ўдзел у святой Імшы, была магчымасць паспавядацца і пагутарыць з ксяндзом. Здзейснілі рэкалекцыяністы таксама паездку на возера Свіцязь. Разам маліліся на месцы расстрэлу Навагрудскіх сёстраў-мучаніц.

Галоўным этапам рэкалекцый сталі духоўныя канферэнцыі, якія правёў кс. Мікалай. Ён прысвяціў іх актуальным праблемам сучаснай сям’і, дэструктыўным тэндэнцыям у ёй, духоўным прычынам крызісаў, разводаў, грахоў, а таксама шляхам уратавання і ацалення сям’і.

У нядзелю 11 жніўня падчас св. Імшы пары ўрачыста аднавілі свае сужэнскія абяцанні.

Увесь час дарослыя рыхтаваліся духоўна і малітоўна да малітвы аб напаўненні Святым Духам. У час вячэрняй адарацыі ў панядзелак 12 жніўня кс. Мікалай маліўся над кожным з сужэнцаў і прасіў Бога, каб праз асаблівую ласку Стварыцеля і’ сем’і сапраўды напоўніліся Духам Святым – духам любові і міласэрнасці.

Вельмі цікавым момантам рэкалекцый стала знаёмства з пратэстанцкімі парамі, якія падзяліліся з рэкалекцыяністамі вопытам выхавання дзяцей, спосабамі вырашэння сямейных канфліктаў і працы з “цяжкімі” падлеткамі і моладдзю па пытаннях злоўжывання алкаголю, табака ці захавання дашлюбнай чысціні.

“Мы з мужам ведалі, што сёстры стараюцца стварыць у сябе атмасферу сям’і. І мы сапраўды сталі адной вялікай сям’ёй: разам рабілі нешта, дапамагалі на кухні, прыбіралі, прыглядвалі за дзецьмі, – расказвае Марына, адна з удзельніц рэкалекцый. – Здзіўлялі нашы дзеці. Кожны раз падчас імшы кс. Мікалай клікаў іх да алтара, і яны не балавалі, а шчыра маліліся, пелі песні. Амаль усе хлопчыкі прыслужвалі міністрантамі, нават самыя маленькія. Дзеці не хацелі выязджаць потым ад сёстраў, хацелі застацца назаўжды”.

Па словах Марыны, асабліва запомніліся супольныя Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, калі ўсе разам праслаўлялі Госпада. І шчырыя малітвы, якія кс. Мікалай ўзносіў да Бога за кожную сям’ю, просячы аб выратаванні іх ад іх ранаў і праблем, а таксама падрыхтаваныя ім канферэнцыі. “Кс. Мікалай літаральна заражаў нас сваёй жывой, абгрунтаванай Божым Словам верай”, – сказала яна.

Для кагосьці з сужэнцаў рэкалекцыі сталі незвычайным узрушэннем унутранага і нават знешняга свету, для кагосьці наадварот – шляхам да прымірэння, часам узаемнага паразумення і прабачэння, для кагосьці – пачаткам новага этапу сумеснага жыцця. Кожнаму Бог даў менавіта тое, што той патрабаваў.

Дзякуем сям'і Кузняцовых за дапамогу ў падрыхтаванні матэрыялу і фотаздымкі.

Ад імя ўсіх удзельнікаў рэкалекцый, а таксама ад парталу grodnensis.by выказваем шчырую падзяку сёстрам-назаратанкам за іх адданую працу па арганізацыі і правядзенню рэкалекцый для сем'яў, а таксама іншых рэкалекцыі і сустрэч, і жадаем Божага благаслаўлення на далейшыя харызматычныя справы.