Skip to main content

Месца, дзе жыве мілата. Гродзенская моладзь пабывала ў Тэзэ

TezeНекалькі дзён таму вярнуліся з падарожжа ў супольнасць Тэзэ гродзенскія вернікі. Сваімі ўражаннямі з намі падзялілася Юлія Марчук.

Скажыце, калі ласка, Юлія, хто быў арганізатарам паездкі і якім чынам вызначыліся яе ўдзельнікі?

– Гэтай зімой, ужо нават бліжэй да вясны, ксёндз Антоні Грэмза задаў пытанне, хто хоча паехаць у экуменічную супольнасць Тэзэ, што знаходзіцца ў Францыі – адгукнуліся тры чалавекі. Пазней да невялічкай групы пачала далучацца новая моладзь, мы былі рады кожнаму, хто жадаў паехаць. У выніку сабралася сем чалавек. Арганізаваць паездку было нялёгка, але дзякуючы таму, што мы з’яднана працавалі, усё атрымалася.

– Што было вашай галоўнай мэтай?

– Калі мы ўжо селі ў аўтобус ва Ўроцлаве, які накіроўваецца прама ў вёску Тэзэ, мы адчулі хваляванне, бо мы не разумелі да канца, куды мы едзем і з якой мэтай. Мы не ведалі дакладна, ані як была створана абшчына, ані як яна працуе. У аўтобусе давялося пазнаёміцца з палякамі, што ўжо не першы раз ехалі ў суполку, яны ж нам і распавялі пра брата Ражэ, які ўсё сваё жыццё прысвяціў аб'яднанню хрысціянаў у адно цэлае, дапамозе тым, хто жыў ў нястачы.

– Як вы бавілі час ў супольнасці? Ці былі там выключна рэлігійныя мерапрыемствы?

– Калі мы прыехалі на месца, у невялікую вёску, нам стала цікава: як жа ўсё будзе праходзіць? Аказалася, што арганізацыя ў суполцы проста выдатная, усім займаецца моладзь, што туды прыязджае. Яна ж перадае досвед наступным удзельнікам сустрэч. Нас адразу падзялілі на працоўныя і біблійныя групы. Першы дзень даўся нам душэўна цяжка, бо мы яшчэ не разумелі ў неабходнай ступені сэнс нашага знаходжання тут. Але з кожным днём мы атрымлівалі ўсё больш і больш адказаў на пытанні, што задавалі самыя сабе. Гэта месца нясе вялікую сілу: унутраная агрэсія, страхі і трывогі забываюцца. Людзі дораць адзін аднаму ўсмешкі. Нават тады, калі нехта праходзіў без чаргі за ежай, ніхто не абражаў яго і не вяртаў назад, а ўсяго толькі ўсміхаўся і цярпліва чакаў сваёй чаргі.

Штодня было тры малітвы: ранішняя, абедзенная і вячэрняя. Малітва складалася з чытання псальмаў, Евангелля і спеваў. Што самае дзіўнае: многія людзі адчувалі пасля выканання песняў Тэзэ цялеснае і душэўнае ацаленне.

Пасля ранішняй малітвы частка людзей ішла на працу, а частка – на біблійныя групы, дзе чытаўся ўрывак са Старога альбо Новага Запавета на розных мовах. Затым брат тлумачыў нам сэнс гэтага ўрыўка і мы дзяліліся на малыя групы, каб паразважаць над тым, што мы пачулі, і адказаць на пытанні.

Пасля абеду было трохі вольнага часу, праходзілі семінары на рэлігійныя тэмы. Можна было яшчэ раз схадзіць да крыніцы Св. Стэфана, дзе было незабыўнае возера, вадаспад і абсалютная цішыня. Там здавалася, што ты знаходзішся не на зямлі: прырода дыхае мілатою, казуркі і рыбы зусім не баяцца чалавека. Гэта дзіўнае і святое месца, у якім шмат сілы і спакою.

– Юлія, з кім вы пазнаёміліся падчас паездкі? Адкуль былі тыя людзі?

– Штодня мы знаёміліся з новымі людзьмі з розных куткоў свету. Гэта былі вельмі цікавыя знаёмствы, яны далі магчымасць спазнаць культуру іншых народаў. У адзін з дзён мы пазнаёміліся з нямецкай дзяўчынай, якая ў будучыні стане пастырам пратэстанцкай царквы – гэта і будзе яе праца. Акрамя таго нам пашчасціла пазнаёміцца не толькі з хрысціянамі, але і з прадстаўнікамі іншых рэлігій: у Тэзэ яны прыехалі атрымаць вопыт яднання з хрысціянамі і Госпадам Богам.

– Што падалося вам найбольш значным? Цікавым?

– У гэтым святым месцы кожны знаходзіць спакой і Божую ласку. Пасля вячэрняй малітвы можна пагутарыць з братамі і папрасіць у іх рады, а таксама паспавядацца ў ксяндза, пасля чаго душа напаўняецца гармоніяй.

– Ці ёсць жаданне паўтарыць падарожжа ў наступным годзе?

- Калі мы вярнуліся ў рэальнае жыццё, нам было звышцяжка. Гасцяванне ў экуменічнай суполцы братоў Тэзэ ў корані змяніла нашы погляды на жыццё і памяняла нас саміх. У наступным годзе мы б хацелі вярнуцца туды на месяц, адзін з тыдняў пажыць у цішыні, а астатнія працаваць валанцёрамі. Да гэтага месца мы прывязваліся, як да роднай хаты, туды хочацца вяртацца зноў і зноў. Кожны раз, калі звоняць званы на малітву, ногі самі бягуць у касцёл, а душа кожны раз напаўняецца мілатою.

Даведка: Суполка Тэзэ была заснавана ў 1940 братам Ражэ, які пераехаў у Францыю з Швейцарыі, адкуль была родам ягоная маці. Некалькі гадоў ён пакутаваў на сухоты і за доўгі перыяд выздараўлення выразна адчуў ў сабе заклік стварыць суполку. Калі пачалася Другая Сусветная вайна, ён зразумеў, што павінен дапамагаць людзям у цяжкіх выпрабаваннях падобна таму, як паступала ягоная бабуля ў час Першай Сусветнай вайны. Брат Ражэ заняў трохі грошай і купіў на іх закінуты ўжо шмат гадоў дом з прыбудовамі. Ён папрасіў адну са сваіх сясцёр, Жэнеўеву, прыехаць і дапамагчы прымаць людзей. Увосень 1942 суполку выявілі, і ўсе павінны былі неадкладна з'ехаць у больш спакойнае месца. Да канца вайны брат Ражэ жыў у Жэневе і менавіта там пачаў супольнае жыццё разам з першымі братамі. Яны змаглі вярнуцца ў Тэзэ толькі ў 1944 г.

Сёння супольнасць Тэзэ налічвае больш за сто братоў, каталікоў і членаў розных пратэстанцкіх цэркваў, больш за трыццаць нацыянальнасцяў. Такім чынам, сам факт існавання суполкі – гэта “прытча”, знак прымірэння падзеленых хрысціянаў і народаў. Браты жывуць пладамі ўласнай працы, яны не прымаюць ні дароў, ні ахвяраванняў для сябе саміх. Калі адзін з братоў атрымлівае спадчыну, абшчына перадае яе самым бедным.

З кожным годам Тэзэ наведвае ўсё больш і больш моладзі, якая едзе з усіх кантынентаў, каб прыняць удзел у штотыднёвых сустрэчах. Сёстры святога Андрэя (міжнародная каталіцкая абшчына, заснаваная больш за сем стагоддзяў назад), сёстры–урсулінкі з Польшчы і сёстры святога Вінцэнта дэ Поля ўзялі на сябе частку працы па прыёме маладых паломнікаў. Кіраўнікі цэркваў таксама бывалі ў Тэзэ. Так, абшчына прымала папу Яна Паўла II, чатырох арцыбіскупаў Кентэрберыйскіх, праваслаўных мітрапалітаў, чатырнаццаць лютэранскіх біскупаў Швецыі і мноства пастараў з усяго свету.

Размаўляла Алена Ільгявічуце