Skip to main content

Моладзь Шчучынскай парафіі падчас спецыяльных рэкалекцый шукала сапраўднай любові

1 17У невялікай вёсцы ў Шчучынскім раёне сабралася моладзь з раённага цэнтра, каб разам са святарамі плённа правесці адпачынак і адначасова засяродзіцца над найважнейшымі пытаннямі жыцця. Моладдзю апекаваліся айцы-піяры. Удзельніцы рэкреацыйных рэкалекцый Алёна Мыслівец і Дар'я Сідарава даслалі нам свае ўражанні і фотаздымкі, якія прапануем вашай увазе.

Любоў — гэта... Як моладзь са Шчучына шукала адказ на гэтае пытанне

"Спадзяюся на тое, што кожны, хто зараз гэта чытае, спрабаваў працягнуць, хаця б раз у жыцці, словы, якія я выбрала за назву свайго артыкула. Некаторыя ў маладым ўзросце, а іншыя ўжо з вялікім жыццёвым вопытам за плячыма. Працяг для радка можна шукаць паміж роднымі і сябрамі, у суседняй краіне, ці нават на іншым кантыненце.

Шчучынская моладзь вырашыла шукаць не паасобку, а разам. Далёка вандраваць не спатрэбілася. Таму што у невялічкай вёсачцы ў Шчучынскім раёне для пошуку былі створаны ўсе ўмовы.

Сем дзён летняга адпачынку, а побач цудоўныя, крэатыўныя аніматары, барадаты айцец-піяр і заўсёды смачная ежа на стале. Тэмпература паветра не лапушылася ніжэй 25 градусаў. І, канечне, Божая прысутнасць 24 гадзіны ў суткі.

Іх мала, але, як кажуць, яны ў цяльняшках... аніматары (Людміла Казлова, Дар'я Сідарава, Алена Мыслівец і духоўны кіраўнік – а. Віталій Слука).

Бессэнсоўна праводзіць час ніхто не збіраўся. Адказныя на працягу некалькіх тыдняў распрацоўвалі насычаную праграму, дзе чырвонай стужкай працягнулася тэма адпачынку – “Love is...”. Былі падрыхтаваны канферэнцыі, матэрыял для абмеркаванняў, сцэнарыі гульняў і іншае.

Галоўнай задумай было паглядзець на любоў не аднабакова, а ў розных праявах. Кожны дзень быў прысвечаны аднаму з відаў любові: любоў да Радзімы, любоў да сям'і, хлопца да дзяўчыны і г.д. Тэме дня адпавядаў спіс мерапрыемстваў. Напрыклад, у дзень “Любоў да бацькоў” моладзь выказвала свае пачуцці ў лісце да самых родных. А ўвечары адказам было відэапрывітанне ад матуль. Без мокрых вачэй не абышлося.

Нарэшце за сем дзён столькі адбылося.Былі і Святая імша кожны дзень, і вандроўка да Нёмана, і гульня “Тайны сябра», і прагляд тэматычных фільмаў.

Безумоўна, усё гэта не мела бы сэнсу, калі б мы не верылі, што сустрэнем тое, дзеля чаго рабілі, адпачывалі, шукалі. І вось... атрымалася...знайшлі...зразумелі....

А яшчэ трэба напісаць пра нашых хлопцаў, якім так спадабаліся мясцовыя бабулі, што яны вырашылі застацца яшчэ на чатыры дні. Жартую, канешне. Але яны сапраўды засталіся, проста так атрымалася, што летнія рэкалекцыі для хлопцаў па датах амаль наскочылі на агульны адпачынак. Адказным за гэты час быў а. Аляксандр Махнач. З дапамогай і накіраваннем айца, хлопцы разважалі і шукалі адказы на пытанні ў самых разнастайных тэмах. Вольны час выкарыстоўвалі не толькі для гульні на рэчцы, але і для малітвы, падрыхтоўкі да споведзі, асабістай размовы са святаром. Кожны дзень хлопцы працягвалі разважаць над радкамі з Бібліі. Дні імгненна праляцелі. І калі я ўжо ў Шчучыне пыталася, як прайшоў гэты час, амаль у адзін голас яны адказалі, што вельмі плённа і, што яны вельмі будуць клапаціцца, каб пачуццё сяброўства з Богам засталося на паўсядзённасць.

Тэкст: Мыслівец Алёна

Здымкі: Сідарава Дар’я