Skip to main content

Нашы ў Бразіліі, ці 50 гадзін дарогі – і ты як дома

 Дарагія чытачы парталу, яшчэ зусім нядаўна мы перажывалі разам Сусветны дзень моладзі, падзею, сутнасць якой цяжка пераацаніць. Гэта як дэкларацыя адзінства каталіцкай царквы і ўпэўненасці ў яе будучыні.

Маладыя беларусы ядналіся з сусветнай моладдзю ў Івянцы, больш сталыя людзі глядзелі трансляцыі ці навіны па тэлебачанні і інтэрнэту, маліліся разам. Але нам прадставілася магчымасць паразмаўляць непасрэдным удзельнікам падзеі, ксяндзом Янам Раманоўскім, вікарыям парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне. Ён нядаўна вярнуўся з эпіцэнтра падзей, з самой Бразіліі, і з задавальненнем расказаў нам пра паездку. Прапануем вашай увазе гэты цікаўны расказ.

 

Паважаны кс. Ян, раскажыце нашым чытачам, як вы трапілі ў Бразілію? Ці там сапраўды шмат дзікіх малпаў? :-) А сурьёзна: чаму менавіта Вы паляцелі, хто быў разам з Вамі?

Сапраўды, не так даўно я меў магчымасць разам з групай моладзі з Акадэмічнага душпастырства OPEN прыняць удзел у Сусветных Днях Моладзі, якія адбыліся ў Бразіліі, у Рыа-дэ-Жанэйра. Два гады таму назад я ўдзельнічаў у Сусветных Днях Моладзі, якія адбыліся ў Мадрыдзе, і трэба сказаць, што „захварэў” гэтымі днямі. Там у Мадрыдзе пасля заканчэння Св. Імшы і аб’яўлення месца наступных Дзён Моладзі я разважаў, ці гэта ўвогуле магчыма, каб я туды трапіў. А сёння я магу з гонарам сказаць, што прымаў удзел у гэтых Днях Моладзі 2013 г., прымаў удзел у сустрэчы з папам Францыскам.

Як я ўжо казаў, паехаць туды я хацеў ужо пасля Дзён Моладзі ў Іспаніі, але не ведаў, ці гэта будзе магчыма. Ад кс. Антонія Грэмзы я даведаўся, што група з акадэмічнага душпастырства рыхтуецца прыняць удзел у Сусветных Днях Моладзі ў Бразіліі і спытаў, ці ёсць магчымасць, каб я таксама туды паехаў. І менавіта дзякуючы кс. Антонію я атрымаў такую магчымасць.

А дзікія малпы….(смяецца). Так, многія гавораць, што ў Бразіліі шмат дзікіх малпаў. Але сказаць па праўдзе, я не бачыў іх многа. Бразілія велізарная краіна і тое, што мы там убачылі, гэта толькі невялікая часцінка гэтай культурна багатай краіны.

Ці цяжка было дабрацца да Бразіліі? Колькі часу заняла дарога? Дзе вы жылі?

Дарога не была лёгкай. Мы дабіраліся амаль на ўсіх відах транспарту. Нашая пілігрымка пачалася ў Гродне, адкуль на аўтобусе мы выехалі ў Мінск. Адтуль 10 гадзін на цягніку да Масквы, дзе пасля Св. Імшы ў катэдральным касцёле вырушылі ў аэрапорт Дамадзедава. Ад Масквы 5 гадзін на самалёце да Дубаі, а затым 14 гадзін да Сан-Паўла. Калі мы прыляцелі ў Бразілію, то яшчэ 13 гадзін дабіраліся на аўтобусе да невялікага гарадка Вакарыя, што знаходзіцца ў штаце Рыо Грандэ дэ Суль на поўдні Бразіліі, дзе перажывалі місійны тыдзень.

Жылі мы ў розных месцах. Напачатку мы жылі ў фармацыйным цэнтры ў г. Вакарыя, які з’яўляецца цэнтрам дыяцэзіі. Затым перамясціліся ў іншы горад Ібісао, дзе знаходзіцца дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай. Там мы жылі ў парафіяльным доме. У гэты час мелі магчымасць адведаць розныя парафіяльныя супольнасці Вакарыйскай дыяцэзіі і пазнаёміцца з іх жыццём. І ўрэшце дарога да Рыа-дэ-Жанэйра на аўтобусе, якая заняла 24 гадзіны. Там, у Рыа, мы жылі ў сем’ях, на тэрыторыі парафіі, дзе адбываліся катэхезы і Св. Імша. Там мы былі разам з групай з Мінска, а таксама з Расіі, Арменіі, Таджыкістана, Малдовы. Катэхезы праводзіў біскуп з Саратава Клеменс Пікель.

Хацеў бы яшчэ дадаць, што да надвор’я, якое там было, мы не вельмі былі падрыхтаваныя. Цяпер у Бразіліі каляндарная зіма і на поўдні ноччу тэмпература была каля нуля градусаў, а днём каля 15 вышэй нуля. Іншае надвор’е было ў Рыа, дзе першыя тры дні ўвесь час ішоў дождж, надвор’е змянілася толькі ў астатнія дні. Але гэта не перашкаджала нам маліцца і даваць сведчанне сваёй веры.

Як вы перажылі змену часовых паясоў?

Ага, так… Змена часавых паясоў таксама давала аб сабе знаць, таму што розніца з Беларуссю шэсць гадзін. На пачатку гэта адчувалася, і першыя дні многія з нас былі незадаволеныя, таму што не вельмі добра высыпаліся. Аднак крыху пазней мы ўвайшлі у гэты рытм.

Хтосьці апекаваўся там вамі, у далёкай Бразіліі?

Падчас місійнага тыдня намі апекаваліся мясцовыя святары і група моладзі, якія ўвесь час былі з намі і нам дапамагалі. Таксама мы спатыкаліся з мясцовым біскупам. Але самым важным з’яўляецца тое, што ўвесь час з намі былі мясцовыя жыхары, якія з радасцю нам дапамагалі. Таксама цікавым было адно здарэнне, якое здарылася з намі ў Сан-Паўла, у аэрапорце. Пасля прылёту мы не вельмі ведалі, як дабрацца на аўтавакзал, шукалі розныя магчымасці, пыталіся ў інфармацыйным цэнтры, але заставалася мала часу. І амаль выпадкова спаткалі аднаго святара з кангрэгацыі Св. Ігнація з Анціохіі, які згадзіўся нам дапамагчы, а яшчэ болей запрапанаваў нам пераначаваць у яго парафіі. Для нас гэта сапраўды было „падарункам з неба”.

Хацелася крычаць…ад радасці

 Кс. Ян, а ў якіх мерапрыемствах вам давялося прымаць удзел?

Як я сказаў крыху раней, мы ўдзельнічалі ў місійным тыдні ў дыяцэзіі Вакарыя. Мелі магчымасць убачыць не толькі, як жыве вялікі горад і яго жыхары, але таксама ўбачыць сапраўдную Бразілію далёка ад вялікага горада, убачыць яе культуру і звычаі мясцовых жыхароў. Пазнаёміліся з культурай, традыцыямі і звычаямі народа Гаушы, які нас прымаў падчас місійнага тыдня.

Непасрэдна ўжо падчас Дзён Моладзі ў Рыа мы спачатку ўдзельнічалі ў катэхезах, збіраліся на супольнай малітве.

А калі вы пабачылі Папу? Якія ўражанні ён у вас выклікаў?

Мы бачылі Папу падчас таго, як ён праязджаў на папамабілі да галоўнага алтара, і пабачыць яго мы маглі некалькі разоў. Некаторыя з нашай групы мелі магчымасць пабачыць яго яшчэ бліжэй, таму што ім пашчасціла быць ў VIP-сектары.

Якія ўражанні былі ў нас, калі ўбачылі папу? Напэўна, крыху іншыя, чым ў дзяўчыны, якая стаяла непадалёку і крычала з усёй сілы, калі ўбачыла папу (усміхаецца). Я асабіста магу сказаць, што мяне ў той момант напаўняла пачуццё радасці і прызнаюся, што таксама хацелася крычаць, але ўсё ж такі я стрымаўся. Бо ў гэты момант ты разумееш, што бачыш не толькі якую-небудзь вядомую асобу, як іншыя, якіх ведае ўвесь свет, тут няма культу асобы, але проста ты разумееш, што бачыш вікарыя Езуса Хрыста на Зямлі, бачыш таго, каго Езус выбраў, каб ён цябе вёў да Яго. І гэта ў гэтым моманце было самым важным.

Якія падзеі вы перажылі разам з Папам? Што асабліва запомнілася?

Папа прысутнічаў на ўсіх галоўных мерапрыемствах Сусветных Дзён моладзі: падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця, падчас Крыжовага шляху, Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, а таксама падчас галоўнай Св. Імшы. І ўвесь гэты час пілігрымы мелі магчымасць быць блізка папы і разам з ім маліцца, слухаць яго слова. У такія моманты сапраўды адчуваеш сілу і адзінасць Хрыстовага Касцёла, тое што мы ўсе розныя, але нас аб’ядноўвае любоў да Хрыста.

Бразільцы вучылі нас усміхацца

Канешне, нам цікава, ці пасябраваліся вы з бразільцамі? Чым яны вас уразілі?

Ведаеце, што мяне больш за ўсё ўразіла, калі я спаткаўся з мясцовымі жыхарамі, з бразільцамі? Гэта іх дабрата і адкрытасць на іншых людзей, а таксама іх бесперапынная радасць і ўсмешка на твары. І аб гэтым я ім гаварыў, што сёння ў Еўропе шмат людзей увесь час нечым незадаволеных, пакрыўджаных на іншых. Часам увогуле баішся ў чалавека нешта запытаць, таму што не ведаеш, якой будзе яго рэакцыя. Там у Бразіліі людзі лічаць за прыемнасць табе дапамагчы. Па праўдзе кажучы, мы адчувалі сябе як дома. А незнаёмыя напачатку людзі адносіліся да нас, як да найлепшых сяброў, якіх ужо вельмі добра ведаюць. Там жывуць людзі, якія маюць вялікае сэрца. І хаця мы былі там не вельмі доўга, то ўсё ж такі па-сапраўднаму пасябравалі з імі. За гэты кароткі час яны сталі для нас вельмі блізкімі. У сэрцы засталася надзея, што, хоць мы і вярнуліся адтуль, але яшчэ калі-небудзь мы з імі сустрэнемся.

Ці адрозніваецца вера бразільцаў і іх касцёл ад нашага, беларускага, ці шырэй – еўрапейскага?

Што датычыцца жыцця Касцёла ў Бразіліі, то яно значна адрозніваецца ад жыцця Касцёла ў Беларусі, ці нават у Еўропе. Так, там як і ўсюды ёсць свае Касцельныя структуры, але больш за ўсё мяне ўразіла актыўнае жыццё гэтага Касцёла. Там я меў магчымасць убачыць, што парафіяльная супольнасць гэта сапраўдная сям’я, дзе людзі адзін аднаго добра ведаюць, маюць супольныя сустрэчы, актыўна ўдзельнічаюць у жыцці супольнасці і ніхто не кажа, што я не маю часу, альбо мяне гэта не цікавіць. Людзі там разумеюць, што яны з’яўляюцца часцінкай вялікага арганізма і стараюцца гэтую сувязь сістэматычна ажыўляць. Там ніхто не саромеецца сваёй веры, не саромеецца публічна сказаць аб ёй. У парафіях там вельмі многа розных груп для дзяцей, для моладзі, для старэйшых людзей. Важнай з’яўляецца роля свецкіх людзей у жыцці парафіі, якія нягледзячы на тое, што маюць свае абавязкі і розныя працы, адначасова маюць час на паглыбленне сваёй веры. Трэба таксама дадаць, што там вельмі важнай часткай у літургіі з’яўляецца спеў. Так напрыклад у адной з парафій, дзе мы былі, калі я не памыляюся, існуе больш дзесяці музычных гуртоў.

Ёсць напэўна таксама і свае недахопы, і праблемы, з якімі змагаецца Касцёл у Бразіліі. Такой адной з праблем з’яўляецца недахоп святароў. Ёсць такія парафіі, дзе святар прыязджае толькі адзін раз на месяц.

Але ўсё ж такі трэба сказаць, што гэта дынамічны Касцёл і там знаходзіцца вялікі патэнцыял, там жывуць людзі, якія ўмеюць радавацца сваёй веры. І трэба дадаць, што народы Лацінскай Амерыкі вельмі любяць папу Францыска і ганарацца ім.

Чым менавіта для вас стала гэтае незвычайнае паломніцтва? Як Вы перажывалі яго фізічна і духоўна? Як група?

Асабліва для мяне гэтае паломніцтва стала чарговай магчымасцю ўмацаваць сваю веру, а таксама доказам таго, што Хрыстовы Касцёл у розных кутках зямнога шара з’яўляецца адной вялікай сям’ёй. І не зважаючы на розніцу ў культуры, у мове, можна было адчуць тое, што ты дома.

Амаль кожны дзень мы мелі магчымасць удзельнічаць у Св. Імшы, не лічачы тыя дні, якія былі патрачаны на дарогу, а таксама ў розных акцыях, мерапрыемствах, многія з якіх праводзіліся, нп. падчас місыйнага тыдня, спецыяльна таму, што прыехала наша група. Трэба сказаць, што мы перажывалі гэты час у малітве.

Як фізічна перажываў? Трэба сказаць, што не ўсё было так проста, таму што часам пасля цэлага дня розных мерапрыемстваў мы мелі толькі адно жаданне – каб хутчэй пайсці спаць. Але самае галоўнае, што на твары заўсёды была ўсмешка і трэба сказаць, што дапамагалі нам у гэтым самі бразільцы, якія сапраўды ўмеюць радавацца і радавацца перш за ўсё свайму хрысціянству, таму, што “я з’яўляюся хрысціянінам”.

З якімі рашэннямі (унутры сябе) вярнуліся дамоў? Ці змянілі Вас і як Сусветныя Дні моладзі з новым Папам?

Ўсё некалі заканчваецца, і нашая пілігрымка ў Бразілію таксама павінна была закончыцца. Трэба было вяртацца дадому, бо ў кожнага свае абавязкі і розныя справы.

Што змянілі ўва мне гэтыя Дні Моладзі? Перш за ўсё я хачу сказаць, што гэтыя дні паглыбілі маю веру і ў чарговы раз пераканалі, што Касцёл гэта адна вялікая сям’я, і няма розніцы, хто ты па нацыянальнасці, на якой мове ты размаўляеш, які ў цябе колер скуры і што ў розных кутках зямнога шара ёсць твае браты і сёстры, якіх з табой лучыць Сам Хрыстос.

Кажуць, што падарожжы выхоўваюць чалавека. І я з гэтым згаджаюся, таму, што гэтая пілігрымка змусіла мяне на многія рэчы паглядзець па-іншаму.

А што датычыцца папы Францыска, то мне здаецца, што падчас гэтых Дзён Моладзі ён паказаў, што любіць моладзь і на маладых людзей пакладае вялікую надзею, таксама, як і яго папярэднікі.

На заканчэнне я хачу дадаць, што гэтая пілігрымка назаўсёды застанецца ў маім сэрцы, таксама як застануцца тыя людзі, якіх я спаткаў. А яшчэ застанецца візіт да статуі Хрыста Збавіцеля, на пляж Капакабана, штат Рыа Грандэ дэ Суль, чарговыя Дні Моладзі і многае другое. Але галоўнае, што застанецца вера і надзея, што калі-небудзь будзе магчымасць ізноў адведаць гэтыя месцы і чароўную Бразілію. А пакуль трэба ісці і рэалізоўваць пасланне папы Францыска, які сказаў усім ісці без страху і навучаць іншых, даючы сведчанне аб Хрысце ў розных месцах. І трэба моцна верыць, што спаткаемся ў Кракаве, дзе ў 2016 годзе пройдуць чарговыя Дні Моладзі.

Дзякуем за размову!