Skip to main content

Свята пад крыжамі

IMG 3688Пралейкі – невялікая вёсачка пад самай польскай мяжой, недалёка ад гарадскога пасёлка Сапоцкін. Тут няма ні школы, ні магазіна, касцёл – толькі ў суседняй вёсцы, але ёсць тое, што робіць гэтае месца зусім асаблівым.

“Свята нашай вёскі мы адзначаем кожны год, 6 жніўня, якраз на Перамяненне Панскае,” – расказала мне пані Ядвіга Лукуць, адна са старэйшых жыхароў Пралеек. “Калісьці, яшчэ за маю памяць, у нашых мясцінах быў вялікі мор, шмат людзей адышло на той свет, вельмі многа моладзі памірала. Вось тады жыхары тутэйшыя і вырашылі выбраць сабе адзін дзень у календары, каб усёй вёскай маліцца аб выбаўленні ад страшнай хваробы. Пралейкі выбралі Перамяненне Панскае, каб Бог перамяніў, адмяніў гэтую хваробу…”

Як я даведалася пазней, верагодна, хвароба гэтая – чума. Эпідэміі чумы на гэтых землях былі і ў XVII, і ў XVIII стагоддзях, таму дакладна ўжо ніхто і не скажа, з якога моманту Перамяненне Панскае стала для Пралеек урачыстасцю. Даведалася я таксама, што па другой версіі вясковае свята адзначалі не ў той дзень, які вёска сама сабе выбірала, а тады, калі на працягу цэлага дня не паміраў ад чумы ні адзін чалавек, калі разумелі – хвароба адступіла. У гэты дзень і дзякавалі Богу за тое, што злітаваўся.

У Пралейкі я прыехала яшчэ за дзень да самой урачыстасці. Але жыхары ўжо загадзя пачалі рыхтавацца. І першае, што трэба было зрабіць, – гэта ўпрыгожыць крыжы.

Чалавека, які шмат паездзіў па Беларусі, від крыжоў ля дарогі зусім не здзівіць. Едзеш па Гродзеншчыне, Брэстчыне – каталіцкія, на Віцебшчыне – усё больш праваслаўныя. А дзе-нідзе стаіць каталіцкі крыж, а побач з ім так жа годна ўзвышаецца праваслаўны. Гэта значыць, што ў гэтай мясцовасці мірна жывуць побач і каталіцкія, і праваслаўныя вернікі.

Від гэтых крыжоў не здзіўляе. Але тут, у Пралейках, ім надаецца асаблівы сэнс, асаблівае значэнне. Калі я спытала ў пані Ядвігі, адкуль крыжы з’явіліся першапачаткова, чаму іх пачалі ставіць, яна сказала, што ніхто напэўна мне ўжо не адкажа на гэтае пытанне… Здаецца, крыжы былі заўсёды…

– Хочаш, раскажу табе, адкуль з’явіўся вось гэты крыж у сярэдзіне вёскі? – спытала пані Ядвіга.

– Канешне хачу! – узрадавалася я.

– Ну, спачатку ён не быў жалезны, як цяпер. Такі ён гадоў 15, можа 20… А раней, гэта да вайны было, я яшчэ ў дзеўках хадзіла, моладзь з вёскі сабралася і вырашыла ахвяраваць крыж. Якраз у сярэдзіне Пралеек было вольнае месца, толькі кусты бэзу раслі. Тут і захацелі паставіць. На падворку майго таты раслі два велічэзныя дубы, дык мы з моладдзю выкупілі іх. Спілавалі, потым самі выразалі, габлявалі дрэва. Канешне, і дарослыя дапамагалі. А потым паставілі крыж. Такі высокі, што галаву падымаеш, глядзіш на яго, і здаецца, што да неба дакранаецца... Шмат гадоў ён прастаяў. Потым быў сасновы, а цяпер вось гэты, з жалеза…

– І што, увесь час стаяў? Дык вайна ж была! Няўжо гэтыя крыжы ніхто не кранаў?

– Не, немцы крыжоў не чапалі. Мы ў вайну нават, калі фронт адыходзіў, пад крыжы хадзілі і на маёвае набажэнства, і на вясковае свята. А вось бальшавікі трактарамі крыжы выкарчоўвалі, але не ў нас, у суседніх вёсках. Нас, дзякуй Богу, абмінула…

Рыхтавацца да свята вяскоўцы пачынаюць заранёў. Яшчэ вечарам, перад урачыстасцю, збіраюцца суседзі ля свайго крыжа (а іх праз вёску я налічыла сем) і ўпрыгожваюць. Стужкамі каляровымі, вяночкамі, кветкамі. А крыжы ёсць настолькі вялікія, што трэба ставіць высачэзную лесвіцу, каб дабрацца да вяршыні і замацаваць там стужачку ці вянок. Дзіўна тое, што тут усе збіраюцца разам. Жыхары Пралеек – людзі працавітыя, да работы гарачыя, і на баку ляжаць ніхто сабе не дазваляе. Але, калі прыходзіць час упрыгожваць крыж, справы адкладаюцца, і ўсе – дзеці і дарослыя, мужчыны і жанчыны – стараюцца зрабіць свой крыж самым прыгожым. А раніцай, на Перамяненне Панскае, вяскоўцы збіраюцца пад апошнім крыжам у канцы Пралеек, і з малітвай ружанцовай ідуць ад крыжа да крыжа. Каля крыжоў робяць перапынкі, адгаворваюць літанію. Хто не можа доўга ісці, выходзіць да найбліжэйшага ад дому крыжа і там далучаецца да агульнай малітвы.

Калісьці я пачула такія словы: “Любы шлях, аддадзены Богу, становіцца пілігрымкай”. Гэта невялікая пілігрымка Пралеек заканчваецца ля першага крыжа ў вёсцы. На гэтым месцы людзі спыняюцца, сядаюць пад клёнамі, хаваючыся у цень ад гарачага спякотнага сонца. Тут на малітве просяць і складаюць Богу падзяку. А яшчэ, спяваючы Анёл Панскі, успамінаюць тых, хто некалі так жа стаяў ля гэтага крыжа і маліўся за вёску Пралейкі…

“Дай Божа, каб праз год сустрэліся зноў і нікога не згубілі!” – кажа пані Часлава, усміхаючыся аднавяскоўцам. “А вечарам усіх чакаем на імшу!”

Цяпер жыхары Пралеек разыдуцца па дамах, а вечарам з Галынкі прыедзе ксёндз Павел і пад тым самым крыжам у сярэдзіне вёскі, што калісьці быў дубовым, правядзе імшу за вяскоўцаў, на якую збяруцца і пралейкаўцы, і родныя з суседніх вёсак, і з Гродна. А потым будзе вялікае свята, з багатым сталом, песнямі і танцамі. Бо Пралейкі ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. І за ўсё дзякаваць Богу!

Вольга ПІНКЕВІЧ