Skip to main content

У Зэльве адсвяткавалі 100-годдзе касцёла Святой Тройцы. Мітрапаліт Варшаўскі Казімір Ныч цэлебруе ўрачыстую св. Імшу. Фота

DSCN82963-4 жніўня каталікі Зэльвы перажывалі вялікую ўрачыстасць. З нагоды святкавання 100-годдзя асвячэння касцёла св. Тройцы парафіяне прымалі шаноўных гасцей: мітрапаліта Варшаўскага кардынала Казіміра Ныча, а таксама біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, правінцыяла закону айцоў-клярэтынаў а. Кшыштафа Герада, ксяндзоў-пралатаў з Польшчы Міхала Багуту і Казіміра Кульпу, шматлікіх святароў з Гродзенскай дыяцэзіі, законніц. Мітрапаліт Ныч 3-4 жніўня адправіў дзве святыя імшы. 4 жніўня адбылася таксама ўрачыстая працэсія па вуліцах Зэльвы і асвячэнне памятнага знаку на месцы былога касцёла.

Па словах пробашча парафіі кс. Яцэка Маркеля, юбілей парафіі святкуецца не адзін ці два дні. Святу папярэднічаў цэлы год малітоўнай і іншай падрыхтоўкі. З лістапада да канца чэрвеня па сем’ях парафіі перегрынавалі пяць абразоў Вострабрамскай Божай Маці, якія пробашч прывёз з Вільні, і кожны дзень святар маліўся разам з пяццю сем’ямі каля іх. Таксама зэльвенскія дзеці намалявалі свой родны касцёл і падрыхтавалі інсцэніраванае прадстаўленне аб гісторыі Зэльвенскай парафіі і касцёла, якое паказалі 3 жніўня парафіянам і гасцям. Падчас Вялікага Посту вернікі перажылі місіі, якія падрыхтавалі айцы-марыяне.

У сваёй гаміліі падчас урачыстасцяў мітрапаліт Ныч падкрэсліў, што ўсе вернікі – гэта дзеці Божыя. “Мы абавязаны нястомна шукаць тое, што ў вышынях, але не адрывацца ад справаў гэтага свету, больш таго – глыбока ўкараняцца ў іх. Папа Францішак паўтарае зноў і зноў: мы не супраць справаў гэтага свету, але абавязаны быць яго стражамі”, – зазначыў кардынал.

Па яго словах, “касцёл з’яўляецца чымсьці вельмі выключным: адраджаецца хутка, расце высока і заўсёды мае моц дароў для пераказвання ўсім пакаленням”. “Я здзіўлены, як хутка і добра вы адраджаеце свій касцёл на працягу толькі аднаго пакалення. Вы захавалі самае дарагое, што паходзіць ад Бога, – глыбокую і трывалую веру. Нягледзячы на пераслед, касцёл тут заставаўся гатовым выконваць сваё першапачатковае прызначэнне. …У 90-ыя гады нам было да чаго вяртацца: людзі памяталі аб малітве, аб сваім вырастанні з Бога – і ў гэтым вялікая заслуга вашых сем’яў, вашых бацькоў і дзедаў. Сям’я – гэта хатні касцёл, і нішто яе не заменіць ніколі”, - сказаў мітрапаліт.

Кардынал ад імя ўсіх прысутных падзякаваў Богу за ўсіх будаўнікоў “гэтай цудоўнай святыні ў стылі неаготыкі, якая сваімі ўзнёслымі вежамі паказвае людзям кірунак да Бога” і наказаў вернікам няспынна клапаціцца не толькі пра будынак, але і пра жывы касцёл. “Беражыце і шануйце сваю святыню, будуйце на ёй сваю будучыню!”– адзначыў Казімір Ныч.

Падчас урачыстасцяў мітрапаліт удзяліў сакраманту бежмавання 80 маладым парафіянам Зэльвы.

Дзякуем ксяндзу-пробашчу Яцэку Маркелю за перададзеныя фатаграфіі.