Skip to main content

Рэкалекцыі для сямей пройдуць 7-13 жніўня ў манастыры сёстраў-назаратанак у Навагрудку

phoca thumb l 2012-08-14-nawagrudak-0005Сёстры-назаранкі разам з пробашчам парафіі Вялікія Эйсманты тэолагам-маралістам кс. Мікалаем Ціхановічам прапануюць сем’ям з Беларусі прысвяціць сем дзён выключна духоўнаму перажыванню Бога, самога сябе і сваёй сям’і. Падчас спецыяльных духоўных рэкалекцый на працягу тыдня муж, жонка і дзеці будуць мець магчымасць разам маліцца і адпачываць, прымаць удзел у св. Імшы і спецыяльна падрыхтаваных для іх канферэнцыях і дыскусіях, будуць вучыцца знаходзіць агульную мову паміж сабой, а таксама дарослыя паспрабуюць інакш паглядзець на адносіны са сваімі дзецьмі ў кантэксце рэлігійнага выхавання.

Падрыхтаваная праз кс. Мікалая праграма духоўных канферэнцый вельмі шырокая і глыбокая. Паводле ягоных словаў, ён абапіраўся на духоўны вопыт індыйскага харызматыка айца Джэймса Манджакалы. Плануецца удзел у рэкалекцыях і незвычайных гасцей.

Агульнай тэмай рэкалекцый стануць словы з Дзеянняў апосталаў (16, 31): “Веруй у Госпада Езуса Хрыста, і ўратуешся ты сам і ўвесь дом твой”.

Рэкалекцыі будуць умоўна падзеленыя на тры часткі: Сям’я сучасная з яе праблемамі і цяжкасцямі, “хворая”; сям’я вылечаная і сям’я ідэальная, сям’я як маленькі рай на зямлі. Рэкалекцыяністы разам са святаром будуць разважаць на такія тэмы як “Бацькоўства Бога. Усе мы дзеці Божыя”, “Як важна вярнуць першасную годнасць?”, “Сям’я як адлюстраванне жыцця Бога (у Тройцы) і Яго любові”, “Сужэнства ў граху ці ў ласцы Божай”, “Як грэх разбурае сям’ю?” Будуць падняты шматлікія знаёмыя сучаснаму чалавеку пытанні: жыццё без шлюбу, грахі яўныя і патаемныя, развод і як яго пазбегчы, распуста, паспешны выбар партнёра, кантрацэпцыя, адносіны з дзецьмі і іншыя.

Святар прапануе ўдзельнікам рэкалекцый задумацца аб важнасці вылечвання асабістага, ўласнай сям’і і цэлага сямейнага дрэва, аб неабходнасці ўласнымі намаганнямі тварыць маленькі рай у сваім доме праз пасвячэнне сябе, сваёй сям’і і дзяцей Богу, праз удзел у рэлігійных практыках, духоўнае кіраўніцтва, частую споведзь і супольную малітву.

Дарэчы, ксёндз Мікалаў адзначыў, што вельмі цяжка на такія рэкалекцыі зазваць бацькоў. “Мужчыны не маюць вялікай ахвоты цэлы тыдзень жыць у манастыры, заставіць працу і прысвяціць увесь свой час жонцы і дзецям. І гэта прыкра, бо ад бацькі ў сям’і залежыць вельмі шмат”, -- гаворыць святар.