Skip to main content

Вернікі з Бераставіцкага дэканату здзейснілі паломніцтва па Марыйным санктуарыям Польшчы

DSC00724Каталікі з трох парафій дэканата Вялікая Бераставіца – з Макараўцаў, Вялікіх Эйсмантаў і Вялікай Бераставіцы – на чале з кс. Паўлам Бяланосам 2 жніўня вярнуліся з пяцідзённай пілігрымкі па Польшчы. Паломніцтва вернікаў было прысвечана Найсвяцейшай Панне Марыі.

У першую чаргу паломнікі наведалі базыліку Беззаганай Маці Божай у Непакалянаве, дзе асаблівым чынам разважалі над лёсам і верай св. Максіміліяна Кольбэ і паспрабавалі да свайго жыцця прымерыць ягоныя словы: “Нічога для сябе – усё для Беззаганнай!”

Наступным этапам іх малітоўнага шляху стаў польскі Ліхень з яго буйнейшым касцёлам, які ўразіў усіх сваёй веліччу і прыгожасцю. Тут, у базыліцы Божай Маці Ліхеньскай, захоўваецца ікона Маці Божай Журботнай, Каралевы Польшчы. Як прыпамінаюць самі пілігрымы, тут яны “затаіўшы подых, ступалі па слядах благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, дакраналіся да рэчаў, якімі ён карыстаўся”. Тут паломнікі прайшлі Крыжовы шлях на “Галгофу”, якая на тэрыторыі храма ўзведзена часткова з камянёў, якія сюды прыносяць паломнікі ў знак пакуты за свае грахі. У Ліхені пілігрымы маліліся разам з былым пробашчам касцёла а. Яўгенам Макульскім, і гэта стала сапраўдным сюрпрызам для ўсіх.

Увогуле увесь час паломніцтва, як успамінаюць яго удзельнікі, быў адзначаны пачуццём неверагоднай любові і апекі Маці Божай і Езуса, якая суправаджала іх усюды; усюды яны спатыкалі добрых людзей з адкрытым сэрцам, вельмі добразычлівых і гасцінных. І гэта асаблівым чынам адчыняла сэрцы пілігрымаў на вялікую любоў і непасцігальную міласэрнасць Пана Бога.

Таксама падарунак Божы чакаў пілігрымаў у Торуні – атрымалася магчымасць наведаць “Радыё Марыя” і нават павітаць сваіх блізкіх у прамым эфіры. У Торуні вернікі маліліся ў абраза Маці Божай Няўстаннай Дапамогі.

Але наведванне Гданьску з яго прыгожым морам з караблямі, цудоўным аліўным паркам, шматвяковымі велічнымі касцёламі, арганнымі канцэртамі ў іх стала хіба кульмінацыяй пілігрымкі. Таксама паломнікі наведалі замак у Мальбарку, які заставіў у іх сапраўды велічныя адчуванні. “Божа міласэрны, які стварыў такую прыгажосць, як жа ты вялікі! Ты ідзеш наперадзе нас і прадугледжваеш усё, не застаўляеш нас ні на мінуту. Ты прагнеш пастаянна адорваць нас Сваёй любоўю”, - такія словы нарадзіліся ў сэрцах паломнікаў, як мы чытаем у дасланым да нас іх лісце, прысвечаным пілігрымцы.

І яшчэ адна сустрэча з Марыяй чакала пілігрымаў у Гетшвальдзе. Вось што яны пішуць: “Мы стаялі на месцы, дзе шмат гадоў назад Яна аб’явілася, і падзяка Ёй, якая доўга чакала ў нашых сэрцах, лілася шчырым патокам нашых слёз і ўсмешак. А Божая Маці прыціскала нас да Свайго сэрца і ўкрывала сваім плашчом…Мы ад усяго сэрца дзякуем Богу і Марыі, а таксама арганізатару пілігрымкі кс. Паўлу Бяланосу, за гэта выключнае паломніцтва”.

Шчыра дзякуем за дасланыя матэрыялы.Глядзіце фотаздымкі.