Skip to main content

XVІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XVІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Евангелле шаснаццатай звычайная нядзелі ставіць перад намі постаці Марты і Марыі, сясцёр Лазара, якіх Езус вельмі добра ведаў і ў доме якіх, напэўна, неаднаразова бываў у гасціне. Пры сённяшнім спатканні кожная з жанчынаў займае рознае мейсца: Марта збірае пачастунак на стол для дарагіх і блізкіх сэрцу гасцей, а Марыя займае мейсца каля ног Настаўніка, каб слухаць Ягонай навукі.

Хацеў бы сёння з Вамі, дарагія, спыніцца на разважанні п'едэстала важнасці справаў у нашым штодзённым жыцці.

На пачатку ўзгадаю словы Хрыста, якімі Ён звярнуўся да фарысеяў у справе падатку: “Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае – Богу” (Мц 22,21).

На працягу нашага зямнога жыцця кожны з нас не можа забыцца пра абавязкі, якія накладзены на кожнага прыняўшага Святы Хрост чалавека, як на Божае тварэнне. Я маю на ўвазе размову з Нябесным Айцом – малітву, Святую Імшу, прыняцце Святых Сакрамантаў, чытанне і разважанне Божага Слова і вывучэнне, а таксама прыняцце навукі Касцёла. Усё гэта кожны, як практыкуючы хрысціянін, павінен ставіць на першае месца ў сваім жыцці – бо нашая айчына ў небе.

Займаючыся штодзённымі справамі, мы павінны памятаць, што на зямлі мы толькі часова, і калі зямныя справы зацьмяць нам справы Неба, то можам змарнаваць жыццё вечнае. Заўважце, дарагія, што аднак вельмі часта справы матэрыяльныя мы з Вамі ставім на першае месца, думаючы напэўна, што будзем жыць вечна на зямлі. Не кажу гэта для таго, барані мяне Божа, каб мы з вамі закінулі працу, якую выконваем, але каб кожны выконваў яе з Богам, што большае, выконваючы яе, выконваў як бы для самога Нябеснага Айца.

За час сваёй душпастырскай працы я спаткаў шмат людзей, якія закінулі свае хрысціянскія абавязкі, ці выконвалі іх толькі час да часу, толькі “на вялікія святы”. Кожны з іх меў сваё тлумачэнне халатнасці ў дачыненні да свайго духоўнага жыцця: “Не маю часу”, бо “павінен працаваць на рынку”, “маю выхадны дзень і хачу адпачыць”, “павінен дзесьці ехаць”, “трэба было выправіць у дарогу дзяцей”, “трэба было прыбрацца дома” і яшчэ мноства-мноства іншых тлумачэнняў, каб не выканаць хрысціянскія абавязкі.

Хацеў бы на ўсе гэтыя адгаворкі адказаць гісторыяй.

Сустрэліся аднаго разу двое сяброў, і хоць паміж імі была вялікая розніца ў гадах, аднак вельмі добра сябравалі. І, як пры кожным спатканні, старэйшы запытаўся ў малодшага, як у яго справы. У адказ пачуў толькі нараканні ад маладога, што вельмі цяжка жывецца, што павінен брацца за любую працу і ў любы дзень, каб запрацаваць на сябе і сям’ю. “Губляю сваё здароўе, каб знайсці хоць трошкі больш грошай”. “А што ў цябе?” – запытаўся ў свайго суразмоўцы. “У мяне ўсё наадварот”, – пачуў у адказ. “Я губляю рэшткі сваіх грошай, запрацаваных некалі, каб атрымаць хоць трошкі страчанага ў маладосці здароўя. Аднак не гэта мяне прыводзіць да роспачы, бо стоячы над труной, я разумею, што кепска карыстаўся з дадзенага мне здароўя, што змарнаваў сваё жыццё, займаючыся непатрэбнымі справамі, а закінуў тое, што на самой справе было важным”.

Дарагія браты і сёстры, чытачы нашага каталіцкага парталу, гэтая гісторыя паказвае кожнаму з нас, што Бог, ствараючы Сусвет, стварыў яго, каб мы, людзі, былі шчаслівымі і жылі ў радасці. Каб стоячы напрыканцы свайго зямнога жыцця, мы маглі азірнуцца назад і прыпомніць апостала Паўла: “Вось я гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў. Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў. На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Гасподзь, справядлівы Суддзя, ды і не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго”.

Заклікаю кожнага з нас да жывой і самае галоўнае, дзейнай веры, веры, якая будзе выражацца ў выкананні праз кожнага, прыняўшага Святы Хрост, абавязкаў, на нас накладзеных праз яго прыняцце.

Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не аднімецца ў яе”.

Можа, сёння кожнаму з нас варта прысесці каля ног Езуса, каб пачуць тое, што ў нашым жыцці з’яўляецца самым галоўным. Бо, можа, менавіта сёння час, каб змяніць нашае настаўленне да Бога.