Skip to main content

У Тракелях адбылося дыяцэзіяльнае свята Маці Божай Тракельскай Каралевы сем’яў

TrakeliБольш за тры тысячы пілігрымаў прыбылі сёлета ў дыяцэзіяльны санктуарый ў Тракелі 12-13 ліпеня, каб памаліцца разам да Марыі Маці Божай, заступніцы сем’яў. Найбольшая група пілігрымаў прыбыла з Гродна – больш за 400 вернікаў. Таксама прыбылі пілігрымкі з Ашмянаў, Ваўкавыску, Бярозаўкі, Іўя, Воранава, Ліды і іншых месцаў.

Дэвізам сёлетніх урачыстасцяў у Тракелях сталі словы “Благаславёная тая, якая паверыла”. Па прыкладзе Марыі кожны з вернікаў мог у гэтыя дні асаблівым чынам даверыць сябе і сваё жыццё Богу і ўзмацніць сваю веру.

У гэтым годзе вітаў пілігрымаў новы кусташ санктуарыя ксёндз Аляксандр Рудзевіч. Але адчуваць сябе ў Тракелях як дома пілігрымы маглі і намаганнямі былога кусташа ксяндза Паўла Галінскага.

Урачыстасці распачаліся вечарам 12 ліпеня выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і спяваннем Марыйнага Апэлю. На пачатку чування кусташ санктуарыя з урачыстай працэсіяй унёс рэліквіі бл. Яна Паўла ІІ, якія можна было ўшанаваць у гэтыя дні.

Традыцыйна перад начным чуваннем адбылася духоўная канферэнцыя, якую ў гэтым годзе правёў для вернікаў пробашч парафіі ў Росі ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч. Ён запрасіў вернікаў паразважаць аб духоўнай пілігрымцы, якой з’яўляецца вера кожнага з нас, і аб небяспеках, якія спаткаюць на шляху веры кожнага чалавека. Ксёндз Чэслаў, гаворачы вернікам аб праблеме легкавернасці і аб тым, як часта людская вера слабая, заахвоціў усіх прысутных да малітвы ў інтэнцыі ўзмацнення сваёй веры і адкрытасці справам Святога Духа.

Малітоўнае чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамантам прадоўжылася да поўначы, калі распачалася Святая Імша, якую цэлебраваў ардынарый Пінскай дыяцэзіі, ксёндз-біскуп Антоній Дзям’янка. Падчас гаміліі біскуп Антоній прыпомніў вернікам развіццё культу Марыі і адзначыў, што санктуарый у Тракелях для яго асабліва важны і ён цешыцца, што змог адведаць яго у Год Веры. „Год веры прыпамінае нам гісторыю нашай веры, у якой пераплятаюцца святасць і грэшнасць. І калі святасць сведчыць аб укладзе, які ўнеслі мужчыны і жанчыны ва ўзрастанне супольнасці праз свой прыклад жыцця, то другі складнік – грэшнасць – павінен правакаваць нас да шчырай пакуты і навяртання, каб атрымаць прабачэнне ад Айца, які выходзіць насустрач”, – сказаў ён.

На заканчэнне літургіі адбылася працэсія са свечкамі і абразам Маці Божай Тракельскай. Распачалася начная адарацыя, ў якой прынялі ўдзел шматлікія вернікі, адспявалі Гадзінкі да Маці Божай. Перад ранкам адбыўся канцэрт семінарыйнай музычнай групы “AVE”.

Галоўныя ўрачыстасці распачаліся ранішняй імшой, якую цэлебравалі новапрэзбітэры і святары-юбіляры. Да вернікаў звярнуўся ксёндз Веслаў Дуброўскі, які адзначае ў гэтым годзе залаты юбілей святарства. Ён расказаў аб сваёй працы ў парафіі ў Наваельні, падзяліўся багатым вопытам святарства, пазычыў маладым капланам браць прыклад з Папы Францішка, які вельмі просты і шануе ўбогіх. На заканчэнне літургіі кожны святар удзяліў асаблівае благаслаўленне, а вернікі атрымалі прыміцыйны абразок.

Галоўная Святая Імша распачалася а 10 гадзіне раніцы. Узначаліў Еўхарыстыю ксёндз-арцыбіскуп Пётр Мальчук з Кіева. Падчас Імшы спявалі дыяцэзіяльны хор "Cantate Domini" і семінарыйны гурт “AVE”; вернікі і духавенства разам маліліся аб моцнай веры для сем’яў Беларусі, аб пакоі і згодзе ў сэрцы кожнага чалавека. Падчас гаміліі ксёндз-арцыбіскуп адзначыў, што сённяшні свет усё далей уцякае ад праўдзівага вобразу сям’і і мацярынства, і заахвоціў вернікаў па прыкладзе Марыі крочыць да Бога, быць верным Яго словам, слухаць голас Евангелля, які нам падказвае, як мы павінны жыць і што рабіць кожны дзень нашай зямной пілігрымкі.

Сёлетняя ўрачыстасць у Тракелях сабрала вялікую колькасць каталікоў з дыяцэзіі, а таксама ўсёй Беларусі і з-за мяжы. Тракельскі касцёл быў перапоўнены вернымі, можна было бачыць вялікія чэргі вернікаў, якія падыходзілі памаліцца да абраза Маці Божай Тракельскай ці да рэліквіяра бл. Яна Паўла ІІ.

На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз-біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што варта аддаць усё ў сваім жыцці Маці Божай, як гэта ўчыніў благаслаўлёны Ян Павел ІІ.

Паводле артыкула ксяндза Паўла Салабуды. Фота будуць дададзены.