Skip to main content

У Смаргоні асвечана капліца ў гонар Яна Паўла ІІ

DSC01561webХвалюючую падзею перажывалі 15 ліпеня бягучага года каталікі Смаргоні, а асабліва вернікі парафіі бл. Яна Паўла II. У нядзелю ў гонар ушанаванага папы-паляка тут была асвечана новая прыгожая капліца, якая паўстала менш чым за восем месяцаў ад асвячэння пляцоўкі пад будову парафіяльнага касцёла. Урачыстасць асвячэння ўзначаліў ксёндз-біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел святары са Смаргоні і дэканату, прадстаўнікі мясцовай раённай улады, шматлікія вернікі. З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый Марціновіч, які разважаў аб значэнні святыні для кожнага верніка.

Капліца ў гонар бл. Яна Паўла была пабудавана намаганнямі пробашча парафіі кс. Дзмітрыя Урбановіча і каталікоў Смаргоні. Вялікую падтрымку аказаў кс. Здзіслаў Вэдэр, смаргонскі дзекан, а таксама некаторыя святары, якія ахвяравалі неабходныя для новай капліцы рэчы. Цяпер новая парафія мае сталае месца малітвы і правядзення літургічных набажэнстваў.

Св. Імшы ў новай капліцы адбываюцца штодня а гадз. 8.00 і 19.00, у кожную нядзелю а гадз. 8.00, 11.00, 13.00, 16.00.

Побач з новай капліцай плануецца будоўля парафіяльнага касцёла.

Дзякуем за дасланыя матэрыялы і фатаграфіі.