XV Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч
У сённяшнім Евангеллі Езус заклікае кожнага з нас ісці дарогай міласэрнасці. Езус ідзе ў Ерусалім, дзе аддасць сваё жыццё за кожнага чалавека, выканаўшы Волю Айца. Пачынаючы ад 9 раздзела, усё аб чым чытаем на старонках св. Евангелля адбывалася падчас дарогі Езуса ў Ерусалім.
Пачынаецца дыялог вучонага ў праве з Хрыстом: Што рабіць, каб атрымаць жыццё вечнае? Хрыстос адказвае – што гаворыць права пра любоў Бога і бліжняга, калі будзеш іх выконваць –атрымаеш вечнае жыццё. Тады вучоны ў праве пачынае далей выпрабоўваць Госпада, пытаючыся: хто мой бліжні? Адказваючы Езус распавядае прыпавесць. Адзін чалавек зыходзіў з Ерузалема ў Ерыхон, падчас дарогі на яго напалі разбойнікі, пабілі і заставілі на дарозе ледзь жывога. Вось зыходзіў адзін святар – убачыў гэтага чалавека і пайшоў іншай дарогай. Для евангеліста Лукі важнымі з’яўляюцца дзеясловы. Чытаем, што той, каго пабілі зыходзіў і святар таксама “зыходзіў” – ішлі зверху ўніз.
Можам параўнаць: Ерузалем знаходзіцца ў гарах, а Ерыхон – у даліне, Ерузалем – месца дзе жыве Бог, Ерыхон – гэта нашае штодзённае жыццё і часта мы выбіраем шлях, які не вядзе нас да Бога, але надварот – і тады ёсць вялікая магчымасць, што спаткае нас на гэтым шляху грэх, спакуса і зло. Ідзе левіт – ён таксама вяртаецца іншым шляхам. Калі ідзе самаранін (памятаем, што самаране і яўрэі ненавідзелі адзін аднаго), убачыў гэтага чалавека і злітаваўся: ён падыйшоў, перавязаў раны, паліў алівай і завёз у гатэль. “Злітаваўся –азначае узрушыўся да глыбіні свайго сэрца”, толькі тры разы св. Лука піша гэтае слова: падчас сустрэчы Езуса з маці ўдавы у якой памёр адзіны сын ў Наін, калі вяртаўся блудны сын у прыпавесці аб Міласэрным Айцу, а таксама ў фрагменце з сённяшняга дня.
Айцы Касцёла бачаць у прататыпе самараніна – самога Езуса. Гісторыя чалавецтва гаворыць аб тым, што праз грэх д’ябал заставіў чалавека ледзь жывога і ніхто не мог яго выбавіць з яго рук, толькі Хрыстос які злітаваўся над чалавекам і аддаў сваё жыццё за нас.
Варта, было б і сёння падзякаваць Богу за Яго міласэрнасць над кожным і шчыра адказаць самому сабе на пытанне: у выпадку калі я бачу чалавека, які патрабуе дапамогі – ці ўзрушваецца маё сэрца або наадварот – становіцца нібы камень. Калі гэтае другое - значыць я іду не той дарогай, якую, паказаў мне Езус.