Skip to main content

XІIІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XІІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сёння мы сталі сведкамі размовы Езуса з людзьмі, якія вырашылі ісці за Ім. Прэтэндэнты выказвалі сваё жаданне ісці ўслед за Езусам, аднак у іх было моцнае “але”… так добра вядомае кожнаму з нас.

Відавочна Езус бачыў сэрцы гэтых людзей і разумеў, што яны даволі легкадумныя і паспешліва прынялі рашэнне, яны не да канца ўяўлялі сабе, што іх чакае.

Сучасныя дэпутаты i лідэры, калі праводзяць кампаніі, заўсёды абяцаюць вельмі многае, яны кажуць: прагаласуйце за мяне і ўсё будзе ў парадку, я вам усё забяспечу. Езус дзейнічае не так. Дзіўная справа, Ён не прыцягвае людзей абяцаннямі, наадварот кажа: калі ты пойдзеш за Мною, то ты нічога не будзеш мець, ты будзеш мець вельмі непрыемнае па чалавечых мерках жыццё, у цябе будуць цяжкасці, у цябе будуць праблемы. Езус не хавае гэтага.

Увогуле Езус не мае патрэбы ў тым, каб вялікая колькасць людзей ішлa за Ім. Ён мае патрэбу толькі ў людзях, якія гатовыя ісці, нягледзячы на тое, што іх тут, на зямлі, не чакае нічога добрага. Гэта вельмі не проста, і кожны з нас павінен усвядоміць, што калі мы сапраўды рашаемся ісці за Езусам, то мы павінны ісці, не таму, што Езус благаславіць нас і дасць нам дабрабыт, i мы будзем шчаслівыя і задаволеныя. Наадварот, мы павінны ясна і дакладна разумець, што нас чакаюць цяжкасці, а калі не так, то, магчыма, мы не да канца разумеем сутнасць веры. Езус кажа, што тут, на зямлі, у Яго няма нічога акрамя крыжа, нічога, акрамя пакут не можа абяцаць. Таму што сам Ён жыве менавіта так, у яго не было ніякай маёмасці, у яго не было нічога тут, на зямлі. Але Ён кажа, што ёсць нешта лепшае: ёсць вечнасць, ёсць тое, што пачнецца пасля гэтага кароткага зямнога жыцця.

Напрыканцы хацелася бы сказаць, што сапраўдны хрысціянін ідзе не да заходу, а да світанку. Пароль Божага Валадарства: “Наперад!”, а не “Назад!” Езус дае кожнаму права самастойна прыняць сваё рашэнне. Езус нікога не змушае. Выбар заўсёды пазастаецца за мною.