Skip to main content

Кс. Мікалай Ціхановіч: "Місія Касцёла - служыць усім людзям"

Напярэдадні Фестывалю польскай культуры і быту (Эйсмантаўскі фэст), які мае адбыцца 29 чэрвеня ў Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі раён), мясцовы душпастар кс. Мікалай Ціхановіч распавядае аб значэнні такіх мерапрыемстваў, будаванню добрых узаемаадносін паміж людзьмі розных нацыянальнасцей і місіі Каталіцкага Касцёла.

 

Так гістарычна склалася, што на нашай зямлі жылі вякамі людзі, якія адрозніваліся сваёй культурай і самабытнасцю. Гэтыя землі належалі Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай. Таму вельмі важна памятаць, што карані нашых продкаў разнастайныя, з аднаго боку, але з іншага боку нас аб’ядноўвае шмат агульнага. Беларусы, палякі, літоўцы – нацыянальнасці, якія заўсёды цесна былі ўзаемазвязаны, перапляталіся паміж сабой.
Лічу, што правядзенне такога мерапрыемства ва ўмовах, калі ў нас жывуць людзі з розных этнічных груп, з рознымі традыцыямі мае вялікае значэнне. Што датычыцца польскай дыяспары ў нашай парафіі, то тут вельмі добра адчуваюцца польскія карані ў культуры і традыцыі. Для мяне, як святара, гэта найбольш адчувальна ў практыцы веры. Літургіі адбываюцца ў нас пераважна на польскай мове, паколькі ў парафіі большасць людзей старэйшага пакалення, а людзі вельмі глыбока звязаны з польскай культурай, мовай, рэлігійнымі традыцыямі.
Я заўважаю, што польскія сем’і, якія зберагалі сваю культуру, нават на працягу савецкіх часоў, выхавалі ў такім духу і сваіх дзяцей. Таму сёння хоць не ўсе з іх добра ведаюць польскую мову, аднак традыцыі сваіх продкаў берагуць і шануюць. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў святкаванні важнейшых рэлігійных святаў, такіх як Божае Нараджэнне, Вялікдзень. Увогуле, дзяржава павінна прыкладаць намаганні, каб кожная дыяспара мела магчымасць захаваць свае карані, традыцыі продкаў. Я лічу, што ў гэтым плане ў нас праяўляецца вялікая павага да людзей з боку раённай улады. Менавіта на гэта накіравана таксама і дзейнасць Касцёла.
Каталіцкі Касцёл вельмі вытанчана ставіцца да такіх пытанняў, паколькі сама яго місія заключаецца ў тым, каб служыць усім людзям, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, стасуючы прынцып інкультурацыі. Таму, каб прапаведаваць Евангелле перш за ўсё трэба пазнаць асяроддзе: менталітэт, культуру, мову людзей, якія там пражываюць.
Хачу таксама адзначыць, што “мост” які нас яднае – славянская душа – не дазваляе ўзнікаць канфліктам і спрэчкам паміж людзьмі розных веравызнанняў. У гэтым накірунку павінны працаваць адначасова дзяржава і Касцёл, каб паміж людзьмі не ўзнікалі этнічныя канфлікты. Перш за ўсё мы павінны памятаць пра тое, што мы ўсе людзі, якія ад Бога атрымалі дар жыцця.
Працуючы ў парафіі ў Вялікіх Эйсмантах на працягу трох гадоў ніколі чуў, каб узнікалі якія-небудзь канфлікты паміж людзьмі менавіта на этнічнай глебе. У нас ёсць межканфесійныя шлюбы, што ніякім чынам не перашкаджае панаванню добрай атмасферы ў сямейных супольнасцях.
Вельмі добра, што арганізуюцца такія святы, як наш Эйсмантаўскі фэст. Мне давялося быць некаторы час у Злучаных Штатах Амерыкі і вось, што мяне ўразіла. Кожныя выхадныя там праводзілі дзень якой-небудзь краіны, паколькі, як вядома, ЗША вельмі шматнацыянальная дзяржава. Адзін дзень быў, напрыклад, прысвечаны Францыі, потым Італіі і гэтак далей. Кожны народ прэзентаваў сваю культуру, кухню, традыцыі. Думаю, падобнае адбываецца і ў нашай краіне, дзякуючы такім святам. Калі ўлічваць, што ўсе мы хрысціяне і Бог у нас адзін, мы павінны жыць у міры і згодзе. Лічу, што ў гэтым накірунку Каталіцкі Касцёл дзейнічае вельмі добра і ў гэтым яго дзейнасць падобна да дзяржаўнай. Якая мэта дзяржавы? Каб у грамадстве былі парадак і супакой, справядлівасць, паважаліся правы чалавека. Каталіцкі Касцёл мае падобную місію, толькі ў нас яна наднатуральная, мы прапаведуем вечнае жыццё, вечныя каштоўнасці.
Так складваецца, што літургія ў Эйсмантах праводзіцца на польскай мове, хаця для дзяцей катэхізацыя выкладаецца на беларускай і рускай мовах, каб было больш даступна, таму што не ўсе наведваюць факультатывы па польскай мове. Увогуле многае тут залежыць ад бацькоў. Калі яны хочуць, каб дзеці захавалі польскія карані, яны павінны вучыць дзяцей гэтаму. Я сустракаў у той жа Амерыцы такія польскія сем’і, у якіх дзеці добра размаўлялі па-польску, крыху з акцэнтам, вядома, але былі і такія, дзе дзеці ўвогуле не ведалі польскай мовы.
Лічу, што вельмі важна праводзіць такую палітыку, каб паняцце патрыятызму фарміравалася зыходзячы з павагі адначасова да аўтэнтычнасці і этнічнасці тых народаў, якія жывуць у краіне. А незалежнасць дзяржавы павінна будавацца на павазе да народаў іншай культуры, якія пражываюць на нашай зямлі. Вельмі добра, што ў нас гэта акурат мае месца.

Запісаў Сяргей Хілюта

Бераставіцкая газета