Skip to main content

Чым для мяне з'яўляецца парафіяда?

img 3455 thumbПаcля парафіядных спаборніцтваў некаторыя ўдзельнікі з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі падзяліліся сваімі меркаваннямі, а менавіта: адкуль яны даведаліся пра парафіяду, чым для іх з'яўляецца гэтае рэлігійна-спартовае мерапрыемства і што ім спадабалася найбольш.

 

 

Казлоўская Вераніка, 17 год, парафія Унебаўзяцця НПМ у Адамавічах:

Аб парафіядзе я даведалася ад нашай с. Веры. Вырашылі паехаць таму, што ў нас была выдатная магчымасць карысна правесці час, пазнаёміцца з новымі асобамі, паспаборнічаць, праверыць свае сілы і паказаць свае таленты. У гэтым годзе ўдзельнічаю ўжо трэці па ліку раз. Пасля парафіяды ў мінулым годзе мы пераконвалі сястру, каб паехаць яшчэ раз. Самае галоўнае, мы прыехалі сюды, каб умацаваць нашую веру і паказаць іншым людзям прыклад нашай веры ў Хрыста. Асабіста для мяне гэтае мерапрыемтсва з’яўляецца падарункам ад Бога. З радасцю даведваемся, што з кожным годам колькасць удзельнікаў узрастае. Цяжка сказаць, што найбольш спадабалася на парафіядзе, так як усё было добра зладжана: музыка, спеў, цікавыя тэтральныя пастаноўкі, зычлівыя людзі і шмат іншага. Вялікі дзякуй за гэта арганізатарам!

 

IMG 3631Бажэна Сцяцкевіч, 17 год, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне:

Прымаю удзел у парафіядзе ўжо на працягу некалькіх год запар. Упершыню даведалася пра парафіяду ад свайго душпастара. Удзел у гэтым мерапрыемстве гэта магчымасць сустрэць не толькі старых, але і новых знаёмых, паўдзельнічаць у спаборніцтвах і перш за ўсё атрымаць новы досвед супольнай малітвы са сваімі аднагодкамі. Вельмі падабаецца, што кожны год дадаецца нешта новае ў арганізацыі спаборніцтваў, што робіць парафіяду штораз лепшай.

 

 

 

IMG 3635Бажэна Юрса, 17 год, парафія Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы:

Аб тым, што ладзіцца парафіяда прачытала ў газеце “Слова Жыцця”, а пазней пачула ў аб’явах у нашым парафіяльным касцёле. Для мяне гэтае мерапрыемтсва гэта перш за ўсё ўзмацненне адзінства з Богам і моладдзю. Магчымасць адкрыць таленты, якімі адарыў мяне Бог. Усе пункты праграмы парафіяды мне былі да спадобы, перш за ўсё перажыванне Эўхарыстычнай Ахвяры на чале з Гродзенскім біскупам.

 

 

 

 

Чашэйка Аксана, 19 год, парафія св. Вацлава ў Ваўкавыску: Пра парафіяду ў Гродне даведалася ад сваёй сяброўкі, якая сказала, што там вельмі весела і можна даведацца шмат цікавага. Падабаецца перш за ўсё дух адзінства, які тут пануе, дзе адзін за аднаго перажываюць і падтрымліваюць. Падабаецца таксама і тое, што кожны дзень пачынаўся і заканчваўся супольнай малітвай.

 

 

 

 

 

Маёрава Анна, 16 год, парафія Ўзвышэння Св. Крыжа ў Лідзе: Даведалася ад кс. Андрэя Кеўлюка 3 гады таму. Мне вельмі цікава ўдзельнічаць у мерапрыемтсвах, дзе Касцёл можа быць блізка спорту. Аднойчы прыняўшы ўдзел зразумела, што парафіяда сапраўды яднае людзей паміж сабой і з Касцёлам. Падчас гэтага мерапрыемства разумееш, што мы – адзіная сям’я, таму што нават у паразах з боку сваіх калег мы заўсёды адчувалі падтрымку і разуменне.

 

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваў кс. Юрый Жэгарын