Skip to main content

XІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

У сённяшнім фрагменце Евангелля апісаны адзін з вырашальных момантаў у жыцці Езуса. Ён задае вучням пытанне, калі ўжо захацеў ісці ў Ерусалім. Ён добра ведаў, што Яго там чакае, і таму адказ быў надзвычай важны для Яго. Ён ведаў, што Яму прыйдзецца памерці на крыжы, але перад тым Ён хацеў ведаць, ці зразумеў хто-небудзь, Кім у рэчаіснасці Ён быў. Радасць напоўніла сэрца Езуса, калі вусны Пятра выдалі праўду: "Ты Божы Месія".

Аднак вучні павінны былі ведаць не толькі гэта. Неабходна было і даведацца, што гэта значыць. З самага дзяцінства ім паўтаралі, што ад Бога чакаюць пераможнага Цара, Які павядзе юдэяў да сусветнай улады. Вочы Пятра, напэўна, блішчалі ад хвалявання пры вымаўленні гэтых слоў. Аднак Езус гаворыць ім, што Памазанік Божы прыйшоў у гэты свет для таго, каб памерці на крыжы. Настаўнік павінен быў перавярнуць уверх дном іх ўяўленні пра Бога і пра Яго мэты.

Спачатку Езус спытаў, што думаюць пра Яго людзі, а потым раптам задае пытанне Сваім вучням: А вы кім лічыце Мяне? Адна справа ведаць, што кажуць пра Езуса людзі. Чалавек можа здаць экзамены і паўтарыць усё, што было сказана і прадумана пра Езуса; ён можа прачытаць усе кнігі, прысвечаныя Хрысту, напісаныя на ўсіх мовах свету, – і ўсё ж не быць хрысціянінам. Іншая справа – спазнаць Езуса для самога сябе.

Наша вера не можа быць верай, атрыманай з другіх рук. Езус не звяртаецца да кожнага чалавека з пытаннем: “Ці можаш ты сказаць мне, што людзі сказалі і напісалі пра Мяне?”. А Ён асабіста пытаецца: “А што Ты скажаш -- за каго ты Мяне пачытаеш?”

Хрысціянская вера – гэта не простае паўтарэнне веравызнання; гэта асабістае пазнанне Езуса Хрыста.