Skip to main content

Парафіяда - гэта таксама свята сяброўства

Ідэя парафіяднага руху рэалізоўваецца ўжо на працягу 25-ці гадоў. Вялікай колькасці дзяцей і моладзі з розных краін пашчасціла прыняць удзел у вялікім свяце веры, культуры, спорту і сяброўства. У некалькіх словах аб парафіядным руху, аб сваіх назіраннях і меркаваннях наконт правядзення гэтага мерапрыемства на Гродзеншчыне распавялі нам кіраўнікі міжнароднага згуртавання “Парафіяда” а. Томаш Ольчак SP і спадарыня Марыя Куель.



- Скажыце калі ласка, якую ролю адыгрывае згуртаванне “Парафіяда” у арганізацыі парафіяды ў Гродзенскай дыяцэзіі?

        а. Томаш Ольчак: Мы аказваем матэрыяльную падтрымку, перадаем дзецям сувеніры і ўзнагароды. Маючы адпаведны досвед  дапамагаем у вырашэнні рознапланавых арганізацыйных пытанняў. Гродзенская дыяцэзія бярэ ўсё тое, што найлепшае зыходзячы з нашага польскага досведу.




сп. Марыя Куель: Прадаўжаючы ідэю гэтага руху, які адбываецца ўжо на працягу 25-ці гадоў, парафіяда ў Гродзенскай дыяцэзіі з’яўляецца плёнам і прадаўжэннем ініцыятывы, якую распачаў святой памяці а. Юзаф Ёнец. Мы хочам для дзяцей і моладзі запрапанаваць такую форму малітвы і фізічных практыкаванняў, каб гэта спрыяла іх усебаковаму развіццю.


- Падзяліцеся калі ласка вашымі будучымі планамі адносна супрацоўніцтва з Гродзенскай дыяцэзіяй.

а. Томаш Ольчак: Заўсёды трэба імкнуцца зрабіць штосьці лепш. Жыццё мяняецца, часы змяняюцца і таму няма мяжаў ва ўдасканаленні гэтай справы. Мы бачым, што у Вас задзейнічана шмат валанцёраў, якія стараюцца рабіць як найлепш. Самае галоўнае, што ладзіць такія мерапрыемствы хочуць не толькі арганізатары, але сама моладзь. Мы павінны максімальна выкарыстоўваць магчымасці, якія нам ставіць сучаснасць, а за арганізацыю парафіяды ў вашай дыяцэзіі мы спакойныя - яна ладзіцца высокім узроўні.

 

IMG 2583 thumbсп. Марыя Куель: Паколькі колькасць удзельнікаў з кожным разам павялічваецца, можна было б падоўжыць час парафіяды. Было б канечне ідэальна, каб найперш ладзілася яна на лакальным, дэканальным узроўні, а дыяцэзіяльныя сустрэчы былі б падсумаваннем гэтага.

 



- Ці мае вашае згуртаванне кантакт з іншымі дыяцэзіямі Беларусі?

сп. Марыя Куель: Мы маем толькі кантакт з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, якая будзе ладзіць ужо чацвёртую па ліку парафіяду ў Івянцы. Марым, што такое супрацоўніцтва ў будучым мы наладзім і з іншымі дыяцэзіямі.

 

- У чым адрозненнне паводле Вас у арганізацыі парафіяды паміж Беларуссю і Польшай ці іншымі краінамі.

сп. Марыя Куель: Кожная парафіяда мае сваю спецыфіку, але ідэя застаецца нязменнай. Напрыклад у Літве адбываецца аднадзённая парафіяда, якую ладзіць сама моладзь. Ва Украіне парафіяда доўжыцца ажно 10 дзён і там прымае ўдзел вельмі вялікая колькасць маладзёнаў. Форма парафіяды залежыць ад спецыфікі краіны, матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў.

 

а. Томаш Ольчак: Ва Украіне арганізаваць парафіяду даволі складана з-за лагістычных цяжкасцей. На тэрыторыі Польшы штогод адбываецца 23 парафіяды, якія арганізоўваць не толькі каталіцкія святары, але таксама і школы. Таму тэрытарыяльна кожнае такое рэгіянальнае мерапрыемства ахоплівае часам некалькі дыяцэзій. Асноўныя элементы трыяды “Святыня-Тэатр-Стадыён” застаюцца захаваныя. На працягу аднаго тыдня праходзіць міжнародная парафіяда ў Варшаве.

 

- Якія словы вы б хацелі скіраваць да дзяцей і моладзі, якая прымае ўдзел у парафіядзе ў Гродне.

IMG 2590 thumb а. Томаш Ольчак: Варшава знаходзіцца непадалёк Гродна (каля 300 км) і гэтую адлегласць, не лічачы мяжы, можна пераадолець праз некалькі гадзін. Я б сюды наведаўся нават і тады, калі б мая вандроўка заняла хоць бы некалькі дзён, таму тое, што я тут пабачыў перапаўняе мяне аптымізмам і дадае больш сіл. Я бачу ў гэтым вельмі добрую справу, якую мы робім сумесна. Жадаю, каб удзельнікі і арганізатары парафіяды натхняліся яе духам і праз гэта рабілі шмат дабра.

 

сп. Марыя Куель: Парафіяда гэта перш за ўсё сустрэча. Сустрэча з Богам і з бліжнім. Жадаю каб гэтая сустрэча прынесла адпаведны плён. Парафіяда гэта вялікае свята веры, культуры і спорту, але таксама гэта свята сяброўства. Жадаю, каб моладзь атрымала ад гэтага вялікае задавальненне і шмат радасці. Запрашаем усіх Вас на фінал!

Дзякуй за размову!

        

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын