Skip to main content

XІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XІ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сённяшні фрагмент Евангелля з жыцця Езуса дае нам вельмі важны ўрок. Мы бачым дваіх людзей, з якімі сустракаецца Езус: гэта фарысей Сымон і жанчына-грэшніца. Сымон з'яўляецца прадстаўніком эліты юдэйскага грамадства, а жанчына – дна гэтага грамадства. У разуменні фарысея Езус не павінен дазваляць гэтай жанчыне дакранацца да сябе, а нават размаўляць з ёй.

Аднак, калі жанчына дакранулася да Езуса, Ён не толькі не адштурхвае яе, але больш таго, размаўляе з ёй, з чалавекам, якога адштурхнула грамадства. Людзі паставілі на ёй таўро (кляймо) грэшніцы, таўро чалавека другога гатунку. Вось такое сутыкненне розных слаёў грамадства мы назіраем у тэксце.

Трэба сказаць, што сёння таксама існуе падобнае сутыкненне ў грамадстве. Дзелім людзей на багатых і бедных, на прыгожых і непрыгожых, на тых, з якімі варта сябраваць, і на тых, ад якіх трэба трымацца здалёк.

Але Езус стаіць вышэй за гэтыя грамадскія адносіны, вышэй непрыязнасці і агідлівасці. Яго любячыя вочы бачаць за шматлікімі грахамі гэтай жанчыны, за яе слабасцю і бездапаможнасцю чалавека, які раскайваецца і жадае ачышчэння ад граху. У тэксце не сказана, што яна казала што-небудзь, але выразна сказана, што яна плакала, а слёзы абмывалі ногі Езуса. Для яе Езус быў выратаваннем, толькі праз Яго яна магла паспрабаваць пачаць новае жыццё. І яна, грэшніца, закранула Яго – увасабленне дасканалай святасці.

Гэта выдатны прыклад для нас. Калі мы бачым і ўсведамляем свае памылкі і грахі, мы таксама заўсёды можам звярнуцца да Езуса са сваімі слабасцямі, са сваім цяжарам, са сваім смуткам. Ён можа стаць для нас апошняй надзеяй. Ён не глядзіць на наша становішча ў грамадстве, на нашу знешнасць ці багацце, але ён глядзіць у сэрца, што дзеецца там і адчуваецца.

Першае, на што паказвае гэтая прытча, – гэта тое, што ўсе мы грэшнікі. І тая жанчына і фарысей Сымон, і мы з вамі. Але грэх фарысея Сымона мае іншы характар, чым грэх жанчыны – гэта ганарыстасць за тое, што ён нібыта праведны. Адзін з вялікіх грахоў – гэта лічыць сябе бязгрэшным. Такія людзі заўсёды шукаюць апраўданне сваім памылкам і грахам.

На заканчэнне хочацца вылучыць знакамітыя словы Езуса: “Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі”. Сапраўды, вера ратуе. Няхай нашая вера будзе сапраўдным збаўленнем для нас і для ўсіх, хто верыць у Хрыста!