Skip to main content

Адрэстаўраваны абраз св. Юзафа знакамітага мастака Яна Дамеля хутка вернецца ў Вішнева

karcina damela 2Сёння ў Гомелі ў палацы Румянцавых-Паскевічаў прэзентуюць пасля рэстаўрацыі карціну-абраз вядомага беларускага мастака Яна Дамеля “Святы Юзаф з немаўляткам Езусам”. Карціна была ледзьве не страчана, але у пачатку года яе, амаль зусім пацямнеўшую, выпадкова адшукалі ў дальнім куце касцёла ў Вішнева (Смаргонскі дэканат).

Праз ахвярную дзейнасць парафіяніна Анатолія і пробашча Антонія ўдалася знайсці рэстаўратара Яўгенію Фею з Гомельскай майстэрні. І вось адноўлены абраз сёння вяртаецца да вернікаў. Разам з выявай св. Юзафа сёння ў Гомелі будзе выстаўлена другая праца Дамеля – абраз святой Канстанцыі, які на стала захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.

karcina DamelaПасля прэзентацыі абраз “Святы Юзаф з немаўляткам Езусам” вернецца туды, дзе захоўваўся 200 гадоў – у касцёл св. Юды Тадэвуша ў Вішнева.

Лічылася, што абраз св. Канстанцыі – адзіны твор Яна Дамеля, які застаўся ў Беларусі. Была яшчэ выява св. Тадэвуша, але абраз быў знішчаны пажарам разам з драўляным касцёлам падчас Першай сусветная вайны.

Ян Дамель – вядомы польска-беларуска-літоўскі мастак. Ён нарадзіўся ў 1780 годзе ў Курляндскім герцагстве. З 1799 года вывучаў жывапіс у Віленскім універсітэце ў знакамітых майстроў Францыска Смуглевіча і Яна Рустэма. У 1809 годзе стаў майстрам жывапісу, віцэ-прафесарам. Творчасцю займаўся адначасова з выкладчыцкай дзейнасцю.

Мастак пісаў пераважна на гістарычныя тэмы. Вядомы яго творы “Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам”, “Смерць князя Панятоўскага”, “Хрышчэнне славянаў”, “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы”, “Твардоўскі паказвае Жыгімонту Аўгусту цень яго жонкі Барбары”, “Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам”, “Адступленьне французаў праз Вільню ў 1812” і іншыя. Сярод працаў мастака – партрэты князя Д. Радзівіла, графа Я. Храптовіча, К. Тышкевіча, рэктара Віленскага ўнівэрсытэту С. Малеўскага, ксяндза Ф. Галанскага.

Творы Яна Дамеля захоўваюцца ў мастацкіх музеях Вільні і Варшавы.

Па матэрыялах Інтэрнэта.