Skip to main content

X Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

X Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Дарагія браты і сёстры, напэўна, не адзін з нас удзельнічаў ці быў сведкам сумнай падзеі, калі бацькі нясуць труну, дзе ляжыць іх дзіця. Сэрцы перапаўняе боль і роспач, слёзы самі цякуць з вачэй. Менавіта такую карціну мы знаходзім сёння ў Святым Евангеллі: маці-удава нясе на месца апошняга спачынку свайго адзінага сына. 

Трагедыя для маці, але таксама і для ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць яе ў цяжкую хвіліну. У многіх у галаве ў такія моманты круцяцца пытанні: “Дзе Бог? Чаму Ён, любячы Айцец, дапускае такое? Чаму Ён не збярог жыццё гэтага дзіцяці? Чаму Ён не забраў кагосьці больш сталага ўзросту?”.

Цяжка гэта зразумець, бо мы толькі тварэнне Ягонае, а яшчэ цяжэй гэта прыняць і згадзіцца з Яго воляй. Паспрабуем у некалькіх пунктах наблізіць адказ на гэтыя пытанні.

Першым і самым галоўным, напэўна, павінна быць пытанне аб нашай веры.

Кожны з нас з,яўляецца чалавекам веруючым, які ў сваім жыцці стараецца зразумець, прыняць і выканаць волю нябеснага Айца. Кожны намагаецца пражыць жыццё, каб не было сорамна на спатканні з Богам, і кожны хоча ўвайсці ў брамы Раю. Але калі бачым смерць кагосьці маладога, вера ў жыццё вечнае недзе губляецца з нашых вачэй і саступае толькі і выключна справам зямным. Калі Бог здзяйсняе ў нашым жыцці незразумелыя рэчы, то ці не павінны мы з імі згадзіцца, па прыкладу асобаў са Святога Пісання, такіх як Абрагам, Ной, Маісей, хтосьці з Прарокаў ці Апосталаў?! Бог лепш разумее, што будзе карысна для нашага збаўлення.

Гартаючы інтэрнэт, я знайшоў кароценькае сведчанне жанчыны, у якой памерла яе дзевяцігадовая дачка: “Бог яе ў мяне не забраў, бо яна была заўсёды Яго. Даў мне яе на пэўны адцінак часу. Ці я шкадую аб гэтым? Не, не шкадую. Такая была Яго воля. Дзеці – гэта Божы дар. Забраўшы ў мяне дачку, Ён даў мне яшчэ аднаго Анёла Апекуна. Бог не хоча, каб я была нешчаслівая, але забраў яе, каб я жыла інакш. Яе кароткае жыццё на зямлі многаму мяне навучыла, многа спраў я пераглядзела з іншага боку гледжання і многа зразумела, таксама і яе адыход. Такі быў і ёсць Божы план для майго жыцця”.

Падсумаваць я хацеў бы наступным: Бог – гэта любячы Айцец, які клапоціцца пра нас на працягу нашага зямнога жыцця і хоча кожнага з нас бачыць у сваім Валадарстве, месцы, якое прыгатаваў нам Езус Хрыстус.

Другім пунктам нашага разважання будзе боль і смутак па прычыне адыходу да вечнасці нашых родных, асабліва маладых.

Няхай адказам будзе для нас фрагмент з Кнігі Мудрасці: “А справядлівы, калі і памрэ раней часу, будзе ў спакоі, бо не ў даўгавечнасці сумленная старасць і не лікам гадоў вымяраецца: для людзей мудрасць ёсць сівізна, і ўзрост старасці – беспахібнае жыццё. З той прычыны, што спадабаўся Богу, знайшоў Яго любоў і жывучы сярод грэшнікаў, быў перанесены. Быў забраны, каб нянавісць не змяніла яго думкі альбо падман не звёў яго душы: бо практыкаванне ў бязбожніцтве азмрочвае добрае, і бура юрлівасці разбэшчвае розум незласлівы. Дасягнуўшы дасканаласці ў кароткі час, ён пражыў доўгія гады; бо душа яго была да спадобы Госпаду, таму і паспяшыў ён з асяроддзя бязбожнасці. А людзі бачылі гэта і не зразумелі, нават і не ўзялі гэтага сабе да сэрца, што ласка і міласэрнасць над Яго выбранымі і над святымі Яго наканаванне” (Мдр 4,7-15).

Цяжка зразумець справы Божыя, але няхай нас суцяшае надзея спаткання з нашымі роднымі ў доме Айца, куды мы пілігрымуем. І ўслед за благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ заахвочваю Вас: “Спяшайцеся любіць людзей, бо яны хутка адыходзяць…”

У якасці трэцяга пункта прыпынку нашай увагі хацеў бы адзначыць захаванне Езуса, убачыўшага пахавальную працэсію і ўдаву, аплакваючую адзінае сваё дзіця.

“Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: ”Не плач”. … І сказаў: “Хлопча, кажу табе, устань”. Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І Езус аддаў яго маці ягонай”.

Езус прыходзіць да кожнага з нас, каб суцешыць, каб падтрымаць, каб даць надзею. Ад нас патрэбна толькі адно – у цяжкія хвіліны жыцця і ў выпрабаваннях прыняць Яго дапамогу, упусціць Езуса ў сваё зраненае сэрца. Бо ў Ім, і толькі ў Ім нашая сіла, нашае збаўленне.

“Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ”.