У чацвер, 30 мая ва ўрачыстасць Божага Цела і Крыві вуліцамі горада Гродна прайшла Эўхарыстычная працэсія, у якой прынялі ўдзел шматлікія святары і вернікі. Гродзенцы ўдзельнічаючы ў працэсіі, мелі магчымасць адкрыта выказаць сваю веру ў тое, што Езус Хрыстус сапраўды знаходзіцца сярод нас у знаку хлеба і віна.
На самым пачатку вернікі з ўсіх гродзенскіх парафій накіроўваліся ў галоўную святыню гродзенскай дыяцэзіі, ў катэдральны касцёл імя св. Францішка Ксаверыя. Разам з сабой шматлікія прыдстаўнікі ўсіх гродзенскіх парафій узялі ўрачыстыя працэсійныя харугвы, а дзеці, якія не так даўно першы раз у жыцці прынялі Пана Езуса ў свае сэрцы, ва ўрачыстым першакамунійным адзенні рыхтаваліся сыпаць пялёсткі кветак падчас працэсіі. У вялікім натоўпе вернікаў можна было ўбачыць старэнькіх бабуляў і дзядуляў, якія з'яўляюцца сведкамі цяжкіх часоў пераследу Касцёла, людзей сярэдняга ўзросту, моладзь і дзяцей, якія са сваёй непасрэднасцю і прастатой прыйшлі прывітаць Эўхарыстычнага Езуса Хрыста.
На гэтую ўрачыстасць прыбыў прадстаўнік Святога Пасаду, каб раздзяліць радасць святкавання разам з мясцовымі жыхарамі. Кс. арцыбіскуп таксама быў галоўным цэлебрантам на св. Імшы ў катэдральным Касцёле, якая распачалася а 18 гадзіне. Дастойны госць звярнуўся да вернікаў з гаміліяй, у якой разкрыў сутнасць урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста. Абапіраючыся на фрагменце сённяшняга Евангелля кс. арцыбіскуп сказаў, што толькі Езус можа наталіць наш духоўны голад. Толькі Ён можа зрабіць цуд, як калісьці, пры памнажэнні хлеба і рыбы, накарміў вялікі натоўп людзей і гэтым самым паказаў ім, што для Бога няма нічога немагчымага. Святары таксама часам знаходзяцца ў такой сітуацыі, якую калісьці перажылі вучні Езуса, калі Ён ім сказаў, што яны павінны накарміць галодных і стомленых людзей. У той момант вучні не маглі нічога зрабіць, таму што мелі замала ежы і менавіта ў гэты момант бязраднасці Хрыстос здзяйсняе цуд памнажэння хлеба і рыбы, пасля спажыцця якіх, вучні сабралі 12 кошыкаў рэштак. Бог, калі здзяйсняе цуд, "у сваёй шляхетнасці дае нашмат больш, чым гэтага патрабуе чалавек" і гэты надмер Божых дароў мы павінны не затрымліваць для сябе, але дзяліцца з іншымі.
Непасрэдна пасля св. Імшы распачалася Эўхарыстычная працэсія вуліцамі горада. Загадзя да гэтага былі падрыхтаваныя 4 алтары, насупраць катэдральнага, пабрыгідскага, пабернардынскага і францішканскага касцёлаў. Вернікі на чале з Целам Езуса Хрыста, укрытым ў знаку хлеба і замешчаным у манстранцыі, затрымоўваліся насупраць гэтых алтароў, чыталі св. Евангелле, праслаўлялі Бога сваім спевам і ўзносілі малітвы.
На заканчэнне працэсіі, на францішканскім узгорку, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў кс. арцыбіскупу, святарам і ўсім вернікам за іх удзел і супольную малітву, а таксама папрасіў прадстаўніка Святога Айца перадаць прывітанне папу Францішку ад імя гродзенскіх вернікаў.
У некалькіх словах, апостальскі нунцый таксама звярнуўся да прысутных:
"Няхай Бог благаславіць тых, хто цаной сваёй крыві захаваў веру. Кроў гэтых людзей разам з крывёй Хрыста, якой мы аддаем пашану ў працэсіі становіцца адной крывёй Хрыста, які з'яўляецца Галавой Касцёла. Праз тры тыдні я буду мець гонар спаткаць Святога Айца. Я хацеў бы Вас кс. біскуп запэўніць, што на Вашую просьбу я перадам прывітанне папу Францішку з Гродна. Я перакананы ў тым, што Святы Айцец носіць усіх Вас у сваім сэрцы, але я таксама скажу і тое, што вы носіце яго ў сваім сэрцы. Маліцеся за Святога Айца, маліцеся за Касцёл, каб Ён быў верны свайму пакліканню. Перадусім маліцеся за новыя пакліканні ў гэтай дыяцэзіі, якія вельмі важныя для Божага Касцёла. Са свайго боку я хацеў бы Вам падзякаваць за Вашую веру і за Ваш удзел у гэтай працэсіі, за Вашую гасціннасць і за вялікую годнасць Вашага народа. Гэта радасць і гонар быць паміж Вамі. Мы ўбачымся з Вамі яшчэ і застаемся з'яднанымі ў малітве".
Св. Імшу ў катэдральным касцёле і на працэсіі Божага Цела ўпрыгожыў духавы аркестр і спеў хора "Сantate Domine" з парафіі Гродна-Вішнявец.
Фотаздымкі будуць дададзены пазней