Skip to main content

Кандыдаты да святарства сведчаць аб пакліканні

IMG 0039 thumbПраз некалькі дзён 5 семінарыстаў з гродзенскай дыяцэзіі прымуць святарскія і дыяканскія пасвячэнні. На дадзены момант кандыдаты да святарства перажываюць рэкалекцыі ў в. Сапоцкін непадалёк Гродна, якія маюць на мэце духоўную падрыхтоўку перад самым адказным момантам жыцця гэтых маладых людзей. З гэтага матэрыяла можна даведацца, чым для гэтых юнакоў з'яўляецца святарства, што паўплывала на іх выбар, якім павінен быць святар у сучасным свеце.

 

Дыякан Ян Кузюк, паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў в. Бердаўка, Лідскі раён

Чаму я вырашыў стаць святаром? На гэтае пытанне вельмі складана адказаць. Гэта штосьці вельмі асабістае, тое, чым я жыву штодня.

Што больш за ўсё паўплывала на мой выбар? Гледзячы на прыклад святароў, якія паходзяць з маёй мясцовасці, я пачаў задумвацца аб сваім пакліканні. Асаблівым чынам аказаў уплыў прыклад майго першага пробашча, кс. Станіслава Лугоўскага, які працаваў у Бердаўцы і які жыў некаторы час пад адным дахам са мной, у хаце маіх дзядоў. У той час, калі яго скіравалі ў нашую супольнасць, парафіяльнага дома яшчэ не было. Менавіта ён, прыкладам свайго святарскага сведчання дапамог мне абраць гэты шлях.

Якім павінен быць святар у сучасным свеце? Адчыненым на ўсіх людзей і цалкам адданы служэнню Богу і людзям. Святар перш за ўсё павінен быць святым, чалавекам малітвы і супакою.

Што я б хацеў параіць тым, хто збіраецца абраць шлях святарства? Быць адважным, каб без ваганняў мог адказаць на заклік Бога "так". Божую волю ў сваім жыцці трэба заўсёды ставіць на першым месцы.

Дыякан Юрый Ясевіч, паходзіць з парафіі Яна Хрысціцеля ў в. Беняконі, Воранаўскі раён

Для мяне святар - гэта той, хто дапамагае чалавеку знайсці Бога, хто ахвяраваў сваё жыццё на служэнне Яму  і чалавеку. З гэтым меркаваннем моцна звязаны мой выбар.

На шляху да абрання менавіта святарства паўплывала шмат фактараў. Прыклад тых святароў, дыяканаў, клерыкаў, які працавалі ў маёй роднай парафіі.

Паводле мяне святар павінен быць адчынены на дыялог з людзьмі, чалавекам малітвы.

Тым, хто задумваецца над выбарам святарства я б хацеў заклікаць, каб яны мелі больш адвагі, не баяліся прыняць запрашэнне Езуса. Не баяліся, што ад многага трэба будзе адмовіцца, дзеля большай узнагароды, якую абяцае нам Езус.

Дыякан Павел Эйсмант, парафія Божай Міласэрнасці, Гродна-Вішнявец

Аднойчы ў сваім сэрцы я пачуў голас Божага паклікання. Бог адарыў мяне ласкай замілавання да святарства яшчэ ў 3-м класе сярэдняй школы. Тады яшчэ мае ўяўленні аб святарстве былі інфантыльнымі, заснаванымі на пачуццях, якія пазней прыціхлі. Больш сур'ёзна я пачаў думаць аб святарстве ў 10-м класе. Дзякуючы асабістай малітве, парадам старэйшых святароў і чытанню рэлігійнай літаратуры я прыйшоў да высновы, што гэта мой шлях, бо як напісана ў Евангеллі "жніво вялікае, але работнікаў мала". Я захацеў стаць працаўніком на ніве Пана.

На мой выбар у большасці  сваёй аказалі святары, якіх я меў магчымасць спаткаць у сваім жыцці. Мой колішні пробашч, кс. Станіслаў Росек, быў для мяне прыкладам працавітасці, які негледзячы на цяжкасці звязаныя з душпастарскай паслугай і будаўніцтвам касцёла, заставаўся верным свайму пакліканню. Аднойчы перад пілігрымкай ён падарыў мне фацімскі ружанец і заахвоціў, каб я ў гэтай малітве прасіў Бога распазнаць сваё пакліканне. Гэта засталося ў маёй памяці назаўсёды.

У сучасным свеце святар перш за ўсё павінен быць сведкам Хрыста, а не толькі прапаведнікам Божага Слова і тым, хто ўдзяляе святыя Сакраманты. Чалавекам глыбокай веры, тым, хто мае досвед асабістай сустрэчы з Асобай Езуса Хрыста і які дзеліцца гэтым досведам з іншымі людзьмі.

Для тых, хто вагаецца з абраннем гэтага шляху жадаю большай рашучасці! Маладыя людзі перш за ўсё павінны знайсці час, каб мець магчымасць паразмаўляць з Хрыстом на малітве, мець час на жывы кантакт з іншымі людзьмі. Нажаль, амаль што ўвесь час крадуць у нас сучасныя СМІ, асабліва інтэрнэт. Чалавека не хапае нават на тое, каб выконваць свае асноўныя жыццёвыя абавязкі. Я жадаю, каб тыя, хто задумваецца над сваім жыццёвым шляхам перш за ўсё выйшлі афлайн, у сапраўдную рэальнасць і звярнулі ўвагу на стан сваёй духоўнасці.

Юрый Гурскі, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, в. Новы Двор, Шчучынскі раён

Перад кожным чалавекам, на пэўным этапе яго жыцця, паўстае неабходнасць выбару жыццёвага шляху. Маё рашэнне цесна звязана з маімі ідэаламі, якія я змагу рэалізаваць толькі на гэтай дарозе.

Дзякуючы прыкладу сясцёр кармэлітанак, тагачаснаму пробашчу парафіі, а. Войцеху Вішнеўскаму насенне майго паклікання пачало ўзрастаць.

Святар у сучасным грамадстве павінен быць сведкам Добрай Весткі аб Хрысце. Сярод спрэчныхі шкодных ідэалогій, голас Касцёла слаба чуваць, таму ён павінен быць больш адважным у прапаведванні Езуса Хрыста і навучанні хрысціянскай маральнасці. Святар павінен быць таксама, сучаснай мовай кажучы, добрым лідарам.

Для тых, хто думае абраць гэтую нялёгкую дарогу я б параіў прыслухацца да голасу свайго сэрца і стаць у праўдзе перад самым сабой.

Павел Безляповіч, парафія Узвышэння Святога Крыжа, г. Астравец

 На маё рашэнне стаць святаром аказала ўплыў шмат фактараў. Думаю што, пачуццё вялікай патрэбы дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы і пазнаваць Бога.

Значны ўплыў на мой выбар аказала таксама асяроддзе, ў якім я атрымаў выхаванне: мая сям'я, парафіяльная супольнасць, а таксама розныя сітуацыі і людзі, якіх я сустракаў.

Святар у сучаснасці павінен перш за ўсё выходзіць першым на дапамогу патрабуючаму чалаваеку, быць найперш чалавекам, а толькі потым святаром.

Для тых, хто задумваецца над абраннем святарства я б параіў не баяцца прыняць запрашэнне Хрыста ісці за Ім, быць самым сабой і не падпарадкоўвацца ідэалам гэтага свету.