З 10 па 12 мая ў Ваўкавыску праходзілі Дні моладзі ў якіх прыняло ўдзел 32 асобы са Смаргоні, з парафіі св. Міхаіла Арханёла. Дваццаць гадзін у дарозе дазволілі прымяніць заклік св. Ян Боска на практыцы, які заўсёды нагадваў маладым людзям быць радаснымі і выкарыстоўваць кожную хвілінку свайго часу з карысцю, каб не было часу для граху. Кс. Станіслаў Краўчанка SDB на пачатку падарожжа сказаў моладзі такія словы - “Бегайце, скачце,спявайце, гуляйце, але толькі не грашыце. Я вам давяраю”.
Добрая падрыхтоўка да падарожжа ў разуменні маладзёнаў са Смаргоні гэта гітара, песеннікі,гульні,ежа, добры настрой і поўнае любові сэрца да Бога. Гэта тое, што дае магчымасць правесці час радасна і па-хрысціянскі. Людзі, якія ехалі разам са смаргонцамі ў поездзе, былі здзіўлены іх энтузіязмам і энергічнасцю. “Ні хвіліны пакою…” – казала пра іх моладзь з іншых парафій, так як любая свабодная хвіліна адразу запаўнялася спевамі, танцамі і крычалкамі. Праз гэта моладзь хацела паказаць, што святы павінен быць заўсёды радасны і крыніцай гэтай радасці з’яўляецца шчырая вера.
Пасля плённа перажытага часу ў Ваўкавыску маладыя людзі прыйшлі да высновы, што яны сталі трошкі іншыя, больш духоўна ўзмоцненыя і гатовыя рэалізоўваць дэвіз “Ідзіце і навучайце ўсе народы” у сваім жыцці.
Падрыхтавала Вераніка Ермак