У суботу 11 мая, кс. арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, апостальскі нунцый у Беларусі і кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый гродзенскай дыяцэзіі, а таксама сакратар апостальскай нунцыятуры ў Мінску кс. Філіпа Чампанэлі і а. Юрый Шэнда OP ў межах ХХ Дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія праходзілі ў гэтым годзе ў Ваўкавыску, ахвотна адказалі на даволі складаныя пытанні з боку маладых ўдзельнікаў сустрэчы. Прапануем Вашай увазе поўную тэкставую версію дыялога іерархаў з моладдзю.
Кім для Вас з’яўляецца Хрыстос?
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: Калі мне запрапануюць ісці шукаць Бога ў нейкім месцы, то я не ведаю куды ісці, таму што Бог знаходзіцца унутры і тут я успаімнаю словы св. Аўгустына, які кажа “я шукаў Цябе звонку Пане, я шукаў Цябе ў рэчах і потым я пачуў голас, які сказаў мне: вярніся ў самога сябе, бо праўда знаходзіцца ўнутры”. Для мяне Езус, гэта частка мяне і я Яго частка. Я не магу чагосьці больш пра гэта сказаць.
Навошта патрэбныя складаныя царкоўныя абрады, ці не прасцей абысціся простай і сардэчнай верай, без абраду?
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: Калі хлопец палюбіў дзяўчыну, то колькі разоў ён гаворыць, што яе любіць? Літургія, гэта песня любові дзяўчыны да свайго абранніка. І гэты спеў любові ніколі не заканчваецца, таму што любоў не заканчваецца. Не важна тое, што гаворыцца і колькі разоў, важна тое, што адчуваецца ў сэрцы.
Чалавек адкрывае для сябе праўду што Бог існуе. Ён чуў пра тое, што ёсць розныя рэлігіі: хрысціянства, буддызм, іслам, юдаізм. Як такому чалавеку зразумець, што хрысціянства з’яўляецца сапраўднай верай, а сярод хрысціянскіх канфесій менавіта каталіцтва, а не пратэстантызм і праваслаўе?
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: Напачатку распавяду прыклад. Тут ёсць шмат хлопцаў і ўявім сабе, што ўсе яны прагульваюцца ў цэнтры горада, азіраюцца навокал і бачаць шмат прыгожых дзяўчат. Цяпер пытанне: з каторай наладзіць больш глыбокія ўзаемаадносіны? Я думаю, што з той, якая спазірае ў вочы і разумее больш, чым іншыя. І зараз пытанне да вас, як вы думаеце, ці ёсць іншая рэлігія, якая разумее нас больш чым наша рэлігія? Такая рэлігія, дзе Бог стаўся чалавекам, падобным да нас? Хто можа зразумець мяне больш, чым той, хто падобны да мяне і гэта Асоба з’яўляецца Богам? І гэтае цела, якое мы маем, якое часовае, зямное, не вечнае – гэта тое самае цела, якое прыняў Бог. Я дзякую ўсім рэлігіям, якія вучаць, як медытаваць, як быць шчырым чалавекам, але я застаюся пры маёй рэлігіі, пры той у якой Бог стаўся чалавекам, падобным да мяне. Такім чынам, што калі мне цяжка, камусці іншаму цяжка, калі я радуюся, ці калі хтосьці іншы радуецца, то ўсё гэта адбываецца і з Богам. Гэта была першая частка адказу на пытанне.
Другая частка, чаму я католік? Мне падабаюцца ўсе хрысціяне. Мне падабаюцца каталікі, таму што ў іх няма межаў, таму што каталіцкая вера не абмяжоўваецца якімсці адным народам і яны адчуваюць сябе грамадзянамі свету і куды б яны не пайшлі і не паехалі, яны адчуваюць сябе як дома, што кожны чалавек – гэта Касцёл. Калі я кажу, што люблю каталіцтва, то гэта не азначае, што я не люблю іншых хрысціян. Мне больш падабаецца хтосьці, але гэта не азначае, што іншыя не падабаюцца.
Як ўзмоцніць сваю веру?
Кс. бп Аляксандр Кашкевіч: Вера – гэта вялікая таямніца, якую цяжка акрэсліць і якую трэба мець і адчуваць унутры. У часе св. Імшы, калі мы слухалі казанне Яго Эксцэленцыі, апостальскага нунцыя, я звярнуў увагу на тое, што вы маеце вельмі шмат энэргіі і гэта вельмі добра, бо праз гэта вы пацвярджаеце тое, аб чым спяваеце. Аднак самае галоўнае, каб вы сваім сэрцам пацвердзілі, не толькі вуснамі, што мы верым у Езуса Хрыста і гэтую веру мы павінны ўвесь час паглыбляць. Са смуткам можна сказаць, што некаторая моладзь нават жартам кажа, што пасля прыняцця сакраманту канфірмацыі і заканчэння школы адбываецца развітанне з Касцёлам. Маладыя людзі на новым этапе свайго жыцця з’язджаюць у іншыя гарады і нават краіны і вельмі часта забываюць аб тым, што самае галоўнае, што ім пераказалі бацькі. І гэтую веру, якая з’яўляецца вялікім дарам, які мы ў большасці атрымалі, як гаворыцца з малаком маці, павінны паглыбляць кожны дзень не толькі на словах, але усё успрымаць яе больш глыбока і прасіць Бога, так як аб гэтым прасілі Яго вучні: “памнож нашу веру”, і тады мы будзем станавіцца сапраўднымі хрысціянамі. Жадаю каб кожны з нас паглыбляў сваю веру і аберагаў гэты вялікі дар.
Ці можна быць маральным чалавекам без рэлігіі?
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: У мяне ёсць выдатны сакратар, ён тэолаг і зможа адказаць на гэтае пытанне.
Кс. Філіпа Чампанэлі: Я думаю што у жыцці ёсць дзве важныя справы, вельмі важныя: першае – гэта вера і другая – любоў. Ёсць шмат людзей, якія быць можа не маюць веры, але якія жывуць дзеля іншых. Мне падабаюцца такія людзі і думаю, што Богу таксама падабаюцца такія людзі. Я думаю, што ў свеце ёсць шмат людзей, якія не мелі магчымасці пазнаць Бога, які з’яўляецца Любоўю, але ў той самы час яны ўмеюць любіць. Думаю, што гэта магчыма, хутчэй за ўсё гэта больш цяжка чым нам, але гэта магчыма. Ёсць шмат людзей, якія вераць у штосьці добрае і чакаюць каб хтосьці ім сказаў Імя, гэтага Добрага. І чакаюць аднаго слова – Езус. І гэта ляжыць у сферы нашай адказнасці.
Што паводле Вас з’яўляецца сэнсам жыцця?
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: Гэта цікавае пытанне. Уявіце сабе, што вы цяпер знаходзіцеся ў Мінску, прагульваецеся па беразе ракі і там бачыце сотні маладых людзей. Паспрабуйце запытацца ў іх тое, што запыталіся ў мяне цяпер і вельмі малая колькасць дасць вам адказ... Паводле мяне, ў хрысціянстве сэнс жыцця гэта любоў. Любое праяўленне любові і ўсе разам узятыя праяўленні любові гэта сэнс жыцця. Падумайце, што часам, мы адчуваем сябе самотнымі, калі мы мяркуем, што ніхто нас не любіць. Калі сэнс жыцця гэта любоў, тады мы павінны любіць адзін аднаго. Бог ёсць Любоў. Сэнс жыцця – гэта Бог, толькі таму, што для хрысціян Бог ёсць Любоў.
Якая б у вас была прапанова для Беларусі каб у нашых парафіях з’явіліся святары, якія б актыўна і стала займаліся моладдзю?
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: Ці вашыя святары не займаюцца моладдзю? У такой працы перш за ўсё трэба адчуваць сябе маладым. Часамі здараецца, што людзі маладыя ўзростам, але старыя ўнутры і наадварот. Гэта адносіцца не толькі да святароў, але да ўсіх. Тое, што мы хочам, дык гэта, каб усе адчувалі сябе маладымі, каб Касцёл адчуваў сябе маладым, таму што мы не можам састарыцца, няма ў нас часу, каб старэць. Вельмі шмат ёсць прыгожых спраў, каб іх убачыць, перажыць і мы не маем на гэта часу. Калі здараецца, што хтосьці са святароў займаецца моладдзю менш, чым мог бы займацца - ўвайдзіце на плябанію і забярыце гэтага святара з сабой.
Калі адбываюцца рэлігійны мерапрыемствы, такія напраклад як гэтае спатканне, паяўляецца жаданне стаць святаром або манахам, ахвяроўваючы сваё жыццё Богу. Як толькі яны адбудуцца праз некалькі дзён гэтае жаданне паступова знікае, тады ўжо ўвогуле не думаеш аб пакліканні ісці за Хрыстом. Як паступіць у даддзенай сітуацыі? Як распазнаць сваё пакліканне?
Кс. абп. Клаўдыё Гуджэроцці: А. Юрый адкажа на гэтае пытанне найперш, а потым я дапоўню.
А. Юрый Шэнда OP: Аб пакліканні складана казаць, у кожнага сваё жыццё, свой выбар і свой шлях. Пакліканне гэта вельмі асабістае і аб гэтым не гаворыцца публічна. Таму, калі ў кагосці ёсць пытанні адносна майго паклікання ў вольным часе я магу пра гэта расказаць. Выбар у жыцці кожнага чалавека вельмі складаная справа, кожны выбар. Патрэбен час і жыццёвы досвед, каб пераканацца, што гэта менавіта маё месца. Здараецца і такое, калі людзі штосьці выбіраючы адчуваюць сябе нешчаслівымі і гэта можа азначаць, што чалавек памыліўся. Калі вы выбралі і перакананыя, што гэта мой выбар, нават калі гэта цяжка, заставайцеся там. Гэта ўсё, што я вам магу сказаць.
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: Малайчына! Гэты святар вельмі сур’ёзны чалавек, не буду так заглыбляцца. А вы хочаце стаць святарамі ці манахамі? Ну тады заўтра пазваніце мне. А навошта адкладваць гэта на пазней? Не трэба! Мяне вы запыталі, што вам хочацца сёння, а заўтра такое жаданне прападае. Чаму заўтра, скажыце мне? Сёння!… Я думаю, што пакліканне падобнае да жыцця ў сям’і. Ці вы думаеце, што магчыма ў сямейным жыцці пражыць разам некалькі дзесяткаў гадоў і ўвесь час спазіраць адзін аднаму ў вочы ўвесь час паўтарючы "я цябе люблю"? Каб так сапраўды было, гэта не было б нармальным. Штосьці падобнае і з пакліканнем. Пакліканне, гэта не той стан, калі хтосьці ўзносіцца на шэсць метраў над узроўнем іншых людзей. Пакліканне не азначае згубіць кантакт з зямлёй, мы знаходзімся на зямлі. Я думаю, што пакліканне гэта знак Божай любові да нас і гэта адказ на гэтую Любоў. Такім чынам гэта пачынаецца і не трэба азірацца назад. У гэтым служэнні адчуваецца за тваімі плячыма народ, які за табой ідзе, які бачыць цябе, як маленькую зорку. Ці вы думаеце, што дзеля такіх людзей, як вы не варта прысвяціць сваё жыццё? Варта і вельмі прыемна гэта зрабіць! Вы думаеце, што для нас, для вашага біскупа гэтае свята не з’яўляецца адначасова святам нашага паклікання? Ёсць вы, - і гэта нашае пакліканне. Кожны раз, калі мы думаем, навошта я прыняў такое рашэнне, мы спазіраем на вас і разумеем, што гэта варта было зрабіць. Я жадаю кожнаму з вас, хто мае пакліканне, каб усё сваё жыццё вы адчувалі радасць з таго, што вы прынялі гэтае пакліканне. Такім чынам кожны дзень будзе для вас святам і пілігрымаваннем.
Вельмі часта маладыя людзі баяцца прыступаць да сакраманту споведзі, бо некаторыя грахі цяжка вызнаваць. Цяжка даверыцца Хрысту, калі нас скоўвае страх. Як перамагчы гэты страх і шчыра вызнаць свае грахі?
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці: Слова спавядацца мае два значэнні, першае гэта тое, як мы разумеем ісці да споведзі і другое значэнне - абвяшчаць Божую веліч. Калі моладзь разумее, што споведзь гэта перш за ўсё другое значэнне, тады ўсё будзе значна прасцей. Такім чынам я спавядаюся таму, што там мяне чакае Езус, каб падняць мяне за руку, каб я мог далей ісці з Ім. Езус не збіраецца асуджаць мяне, ён падымае мяне, каб даць мне сілы. Гэта я расказваю Яму пра свае слабасці, аднак насамрэч Яму гэта не патрэбна, бо Ён ведае пра гэта. Гэта неабходна мне, сказаць сабе самому і Богу: “Божа дапамажы мне”. Тыя грахі, якія мы расказваем на споведзі не цікавыя Езусу і святару, які слухае нашую споведзь. Гэта перадусім мае значэнне для нас самых, каб мы зрабілі пэўны аналіз над сваім жыццём. Калі так, то чаго саромецца? Ёсць яшчэ адна справа. Вельмі часта мы саромеемся тых грахоў, якія больш лёгкія чым іншыя, і тых іншых мы чамусці не саромеемся. Здараецца, што найбольш вялікіх грахоў мы не ўсведамляем і не спавядаемся з іх. Памятаем увесь час, што Бог ёсць Любоў. Самы вялікі грэх – гэта грэх супраць Любові. Тады калі мы не любім, мы тады падобныя да лімона, які выціснулі. Калі мы адчуваем сябе як вось такі лімон, тады мы ідзем да Езуса і Ён напаўняе нас сокам. Усё іншае не мае вялікага значэння. Нешчаслівыя тыя людзі, якія думаюць, што збавяцца дзякуючы бясконцым ўспамінам пра свае грахі. Калі ты ўвесь час думаеш пра свае грахі і саромеешся гэтага, то ўсё гэта затрымоўвае цябе на адным месцы і твае вочы спазіраюць толькі на зямлю. У такім выпадку ты не вылечышся са сваіх грахоў. Калі пачынаеш спазіраць уверх, на сонца, і адтуль працягваецца рука, якая цябе паднімае, тады забываешся пра свае грахі і кажаш дзякуй Табе Божа за тое, што мяне любіш. Я шчаслівы таму, што Ты мяне любіш такім, якім я ёсць. І ў гэтым ёсць сэнс споведзі.
Кс. абп Клаўдыё Гуджэроцці на развітанне: Зараз мае дарагія мне неабходна вас пакінуць, бо мяне чакае новае падарожжа. Я перакананы, што біскуп Аляксандр адкажа лепш за мяне на ўсе вашыя пытанні. Думаю мы можам спаткацца яшчэ раз, тады калі вы хочаце і там, дзе вы хочаце, каб працягвалася нашае свята. Быць можа з кімсці з вас мы не ўбачымся ніколі, але ёсць тое месца, дзе мы напэўна ўбачымся, месца, дзе святкуюць і ў гэтым месцы нас чакае Езус. Напэўна там спаткаемся ўсе. Няхай Бог вас благаславіць!