Skip to main content

Удзельнікі распавядаюць пра дні моладзі ў Ваўкавыску

img 2345 thumbДні моладзі - перш за ўсё свята веры, якая праяўляецца ў выражэнні сапраўднай, шчырай радасці з таго, ёсць выдатная магчымасць сустрэцца маладым вучням Хрыста ў атмасферы малітвы. Дні моладзі збіраюць людзей, для якіх словы Касцёл і Бог - не з'яўляюцца незнаёмымі, і якія імкнуцца каб менавіта ў супольнасці ўзбагаціць і ўзмоцніць сваю веру. Аб гэтым у некалькіх словах распавядаюць прадстаўнікі моладзевых груп з Гродна і Іўя, якія прыехалі ў Ваўкавыск.

Крыстына Будзіловіч (Гродна): Першы раз я прыехала ў Ваўкавыск каб пазнаёміцца з каталіцкай моладдзю, маімі аднагодкамі, каб падзяліцца сваёй верай у Бога, памаліцца аб памнажэнні маёй веры, бо вера для мяне з’яўляецца дарам Бога, якой мы павінны дзяліцца з кожным чалавекам. Дыяцэзіяльныя дні моладзі – гэта адзін са спосабаў паказаць нашую любоў да Бога праз малітву, перажыванне св. Імшы, рэлігійныя спевы, актыўны ўдзел у праграме. Праз удзел у днях моладзі ў нас з’явіліся новыя знаёмыя, вельмі спадабалася катэхэза, выступленне моладзевых груп і размова з біскупамі.

Хомка Ганна, Іўе: У днях моладзі ўдзельнічаю 5 па ліку раз, таму што яны мой рэлігійны светапогляд. Для мяне гэта таксама выдатная магчымасць пазнаёміцца з моладдзю з другіх парафій і разам памаліцца. Дні моладзі асабіста для мяне, гэта момант яднання моладзі з Богам. Мне вельмі падабаецца сама атмасфера гэтых дзён.

Снежана Галабурда, Гродна: Прыехала сюды, каб умацаваць сваю веру ў Бога і паразмаўляць пра веру з іншымі. Спадабалася тое, што на сустрэчу прыехала шмат маладых, радасных святароў, якія былі адкрытыя на дыялог з моладдзю.

Вайцяховіч Бажэна, Гродна: Не так часта можна ўбачыць, каб у адным месцы столькі моладзі супольна малілася. Да Бога лягчэй наблізіцца і узмоцніць сваю веру, калі адчуваеш падтрымку з боку сваіх аднагодкаў. Дзякуючы гэтаму мерапрыемству адчуваю сябе духоўна ўзмоцненым чалавекам. Радуецца вока, што негледзячы на розныя перашкоды так шмат моладзі ідзе за Богам.

Прыгожая Дар’я, Іўе: Кожным раз, калі я накіроўваюся на сустрэчу моладзі, то перш за ўсё чакаю пазнаць нешта большае, узбагаціць сваю веру новым досведам. І я не памыляюся ўжо 5 раз. На гэтых днях моладзі я яшчэ раз пераканалася, што варта сюды прыяжджаць, каб атрымаць новы ладунак духоўнай энергіі. Больш за ўсё мне падабаецца тут атмасфера радасці, сапраўднай Божай радасці. Гэта цяжка перадаць словамі. Трэба сюды прыехаць і пабачыць на свае вочы.