Чарговы дзень сустрэч моладзі ў Ваўкавыску прынёс новыя эмоцыі і ўражанні, якія перапаўнялі маладыя сэрцы. Другі дзень цалкам быў прысвечаны роздуму на тэму крыжа, сімвала адкуплення чалавецтва.
Моладзь у шасці тэматычных групах разважала пра галоўныя праўды веры (Бог ёсць адзін, Бог справядлівы, Бог у трох Асобах, Сын Божы стаўся Чалавекам, чалавечая душа з’яўляецца несмяротнай, ласка Божая для збаўлення неабходная), вынікі якіх яна прадставіла пазней ў форме прэзентацый.
Кульмінацыяй дня была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. арцыбіскуп Клаўдыё Гудджэроцці, апостальскі нунцый у Беларусі разам кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам, ардынарыем гродзенскай дыяцэзіі. У маладыя сэрцы асабліва чынам запалі словы прадстаўніка Святога Пасаду аб тым, што
“... сэрца кожнага чалавека з’яўляецца найпрыгажэйшым храмам самога Бога”,
пры гэтым кс. арцыбіскуп нагадаў, што
“...чалавек ніколі не будзе адчуваць сябе самотным, калі побач знаходзіцца любячы Айцец”.
Прапаведванне прадстаўніка Святога Айца падчас гаміліі некалькі разоў перарывалася апладысментамі моладзі, якая з захапленнем слухала кожнае слова архіпастара.
У другой палове дня ўдзельнікі сустрэчы мелі выдатную магчымасць скіраваць свае пытанні да прысутных біскупаў у межах прэзентацыі моладзевых груп з розных куткоў гродзенскай дыяцэзіі і па за яе межаў. Падчас сардэчнага дыялогу архіпастараў з маладымі, гучалі даволі складаныя пытанні, на якія былі атрыманыя шчырыя і простыя адказы.
Пасля прэзентацый груп моладзь удзельнічала ў місійным набажэнстве, якое нагадала усім прысутным, што кожны вучань Хрыста мае абавязак абвяшчэння Добрай Весткі. Досведам сваёй місійнай працы з удзельнікамі падзялілася місіянерка с. Рэната з супольнасці Служак Маці Добрага Пастара, якая ўжо больш як год прапаведуе Хрыста на афрыканскім кантыненце. На заканчэнне набажэнства адбыўся абрад пасвячэння ў вучні Хрыста, пасля яго ўсе прысутныя з рук святароў атрымалі місійныя крыжыкі, на знак гатоўнасці да прапаведвання Евангелля.
Цэнтральным пунктам другой паловы дня была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і святая Споведзь. Разважанні і спевы да Эўхарыстычнай адарацыі былі падрыхтаваныя моладдзю з парафіі Гродна-Дзевятоўка.
Другі дзень завершыўся канцэртам моладзевага гурту “Міласць” з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.