28 красавіка ў V Велікодную Нядзелю больш за 200 вернікаў з парафій св. Міхала Арханёла (Ашмяны) і св. Пятра і Паўла (Граўжышкі) атрымалі сакрамант канфірмацыі з рук Яго Эксцэленцыі.
На ўрачыстасць прыбылі святары з Ашмянскага дэканату. На пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. дзекан Ян Пузына прывітаў шаноўнага госця, пасля бацькоў моладзі, якая рыхтавалася да прыняцця сакраманту, і папрасіў ксяндза біскупа аб удзяленні сакраманту хрысціянскай сталасці.
Ксёндз Раман Катлімоўскі, які выступіў з гаміліяй, асаблівую ўвагу звярнуў на духоўную небяспеку, якая пагражае сучаснаму чалавеку, а з гэтым звязаная страта веры. У гаміліі святар падкрэсліў, што чалавек павінен нястомна развіваць сваю веру, і гэтым прыгожым прыкладам для наследавання з’яўляюцца святыя, імёных якіх абралі кандыдаты да бежмавання.
На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз дзекан Ян Пузына зацытаваў словы папы Францішка, які ў гэты дзень, удзяляючы сакрамант канфірмацыі на плошчы св. Пятра ў Рыме, сказаў: “Адкрыйма духоўныя дзверы, дамо Яму сябе весці, дазволім, каб няспыннае дзеянне Бога зрабіла нас новымі людзьмі, ажыўленымі Божай любоўю, якую дае нам Дух Святы! Як жа было б прыгожа, калі б кожны з вас змог увечары сказаць: сёння ў школе, у хаце, на працы, вядомы Богам, я ўчыніў жэст любові да калегі, бацькоў, старэйшага чалавека!”
У сваім слове, скіраваным да вернікаў, якія атрымалі сакраманта бежмавання, пастар дыяцэзіі заахвоціў кожнага да адважнага сведчання аб Хрысце ў сваім жыцці.
Маладыя людзі, якія прымалі сакрамант, запэўнілі, што будуць годнымі вучнямі Хрыста. Сваю падзяку словамі і кветкамі яны выказалі шафару сакраманту і ксяндзам катэхетам, а таксама клерыку, які рыхтаваў іх да прыняцця сакраманту хрысціянскай сталасці.
Яшчэ адной важнай падзеяй у жыцці парафіі быў прыезд групы клерыкаў на чале з духоўным айцом ВДС кс. Валерыем Быкоўскім 27 красавіка, калі ў вігілію перад урачыстасцю бежмавання адбылося малітоўнае чуванне і прэзентацыя ў абарону пачатага жыцця. У нядзелю падчас кожнай св. Імшы граў семінарыйны гурт Ave, а клерыкі таксама дзяліліся сведчаннем свайго семінарыйнага жыцця. Яны выказалі сваю ўдзячнасць парафіянам з Ашмян за малітвы ў іх інтэнцыі і ахвяры.
Кс. Валеры Аброшка