V Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
“Дзеці, новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго.”
У сённяшнім Святым Евангеллі Езус Хрыстус заклікае, асабіста цябе дарагі браце і цябе дарагая сястра, да САПРАЎДНАЙ любові. Заклікае да любові, якая не выкарыстоўвае іншага чалавека як рэч, як тавар (люблю цябе і ты мне патрэбны пакуль магу ад цябе нешта атрымаць, а пазней нават і не ўспомню аб табе); заклікае да любові якая не можа мець выключна ўласнай, эгаістычнай карысці; заклікае да любові, якая не будзе дзяліць людзей па іх прыналежнасці да таго ці іншага народу, маючага не такі колер скуры як мой, размаўляючага на іншай мове – Любоў заклікае любіць усіх аднолькава - сапраўдна.
Напэўна кожны з нас неаднаразова назіраў за людзьмі на вуліцы, у крамах , на рынках, калі не, то заклікаю Вас зрабіць гэта і можа змяніць сваё жыццё і паводзіны, назіраючы можна заўважыць што ўсе недзе спяшаюцца, але не паспяваюць (напрыклад у мяне цягнік у 10 гадзінаў раніцы, і ісці мне да вакзала хвілін 30, а я выбягаю ў 9:40, бо “паспею”, альбо не меў спакаваны багаж і павінен быў раніцаю яго спакаваць, а як заўсёды нешта не мог знайсці, а яшчэ і праспаў); кожнаму прыемна калі яго заўважылі, удзялілі час, але самі не маюць часу каб зрабіць гэтак жа для іншых. Больш таго, мы гатовы патрабаваць кнігу “Скаргаў і прапаноў”, бо нехта абышоўся з намі не добра, хоць вельмі часта і мы не лепшыя. Лічуся толькі “Я”, усе навокал павінны мне падпарадкоўвацца, як слугі ў капрызнага караля.
Жыццё хрысціяніна павінна быць іншым. “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго”, - кажа кожнаму з нас Хрыстус. Ён запрашае да сапраўднай любові, якой Сам даў нам прыклад, прыйшоўшы на зямлю, жывучы і працуючы сярод людзей і з людзьмі, навучаючы і дапамагаючы, несучы крыж грахоў кожнага з нас, памёршы на крыжы, уваскросшы і ўзыйшоўшы на Неба, ДЗЕЛЯ КОЖНАГА. Езус Хрыстус любіць цябе сястра і цябе браце вельмі моцна, бо як піша ў твітары папа Францішак “Кожны з нас носіць у сэрцы прагу любові, праўды, жыцця… а Езус з'яўляецца поўняй усяго гэтага”. Ён прабачыць кожны твой грэх, кожную тваю слабасць, усё тое што ты хаваеш у глыбіні свайго сэрца – толькі прыйдзі да Яго, толькі палюбі Яго. Палюбі Езуса ўсім тваім сэрцам, усім тваім розумам, усёй тваёй душою. Каб любоў была сапраўднай, яна вымагае ад абодвух узаемнасці, шчырасці, пашаны – гэта мусіць быць нашым адказам. Таксама адказам на любоў Езуса да нас, мусіць быць любоў для ўсіх людзей, якіх мы сустракаем кожны дзень, бо як кажа Святое Пісанне: “Як можаш казаць што любіш Бога якога не бачыш, калі не любіш брата якога бачыш”, і штодня сустракаеш. “У моманце крызысу важна не замыкацца ў сабе, але адкрывацца, быць уважлівым на патрэбы іншых”, - піша наш папа Францішак. Дабро зробленае бліжняму не будзе забытае, але дасць свой плён у жыцці чалавека, з якім мы падзяліліся Божай любоўю, у асабістым і грамадскім жыцці. Любоў будзе плённай.
Любоў людзей павінна абапірацца не на словах, але канкрэтных ўчынках. Нават наша ўсмешка можа змяніць многае, можа даць чалавеку надзею на будучыню. Любіце адзін аднаго, бо Бог нас любіць.
к