Святы Марк паводле традыцыі Касцёла з’яўляецца аўтарам найстарэйшага і адначасова самага кароткага з чатырох Евангелляў, а таксама адным з 70 меншых апосталаў. Праўдападобна, яго ахрысціў сам св. Пётра Апостал.
Маці Марка Марыя была гарачай паслядоўніцай Езуса Хрыста, і яе дом служыў месцам сходак для яго прыхільнкаў. Тут Марк далучыўся да хрысціянскай супольнасці і першапачатковае імя Ян замяніў на Марка. Яшчэ ў юнацтве прымаў удзел у місіянерскай дзейнасці апосталаў Паўла і сваяка Барнабы. Будучы іх спадарожнікам, вёў прапаведніцкую дзейнасць у Антыёхіі (Сірыя), а потым з Барнабай наведаў востраў Кіпр.
Пасля стаў неразлучным спадарожнікам апостала Пятра, які ў сваім першым пасланні называе яго сваім духоўным сынам. Калі апостал Пётр знаходзіўся ў рымскім зняволенні, Марк служыў яму як верны і шчыры вучань. Пасля пакутніцкай смерці Пятра і Паўла ў Рыме Марк пасяліўся ў егіпецкай Аляксандрыі, дзе заснаваў хрысціянскую дыяцэзію і быў яе першым біскупам. Там жа ён і памёр пакутніцкай смерцю.
Паводле паданняў, святы Марк запісаў у сваім Евангеллі вучэнне святога Пятра. У 830 годзе яго астанкі былі перанесены ў Венецыю.
Дзень св. Марка (25 красавіка) выпадкова супаў з упрашальнай працэсіяй, якая практыкавалася ад старажытных часоў, каб прасіць Бога добрага ўраджаю. Так Св. Марк стаў заступнікам у Бога добрага надвор’я і шчодрага плёну. Ён таксама з’яўляецца апекуном пісьменнікаў, натарыюсаў, мастакоў, шкляроў. Св. Марк звычайна прадстаўляецца з кнігай і з ільвом.
Здымак pl.wikipedia.org