Skip to main content

Жалудок адзначыць 160-гадовы юбілей парафіяльнага касцёла

Ад сёння 22 красавіка ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку распачаліся святыя юбілейныя місіі. Цягам 8 дзён айцы рэдэмптарысты з Гродна і Вялікай Бераставіцы будуць праводзіць розныя духоўныя мерапрыемствы для мясцовых вернікаў. А ў суботу 27 красавіка ў Жалудку чакаюцца вялікія ўрачыстасці з нагоды 160-годдзя касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Св. Імшу ўзначаліць Апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

На ўрачыстую Эўхарыстыю а 10-й гадзіне, па словах ксяндза пробашча Яна Рэйшаля, прыбудзе таксама ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, мясцовыя святары, запрошаныя прадстаўнікі духавенства з Украіны і Польшчы.

Таксама ў суботу адбудзецца асвячэнне крыжа Галгофы і фігураў Маці Божай і Апостала Яна каля яго падножжа ў гонар юбілею храма.

У нядзелю будзе асвечаны другі крыж каля касцёла – у гонар юбілейных місій.

Як распавёў а. Анджэй CSsR з Вялікай Бераставіцы, які разам з а. Валерыем CSsR з Гродна праводзіць святыя місіі для парафіян Жалудка, кожны місійны дзень прысвечаны нейкай тэме: “Бог ёсць любоў”, “Грэх і збаўленне ў Езусе Хрысце”, “Вера і навяртанне”, “Езус – мой Пан”, “Дзень сям’і” і іншыя.

Тэматычныя казанні скіроўваюцца да вернікаў штодня падчас ранішняй і вечаровай св. Імшаў, пасля іх ладзяцца спецыяльныя тэматычныя набажэнствы. Гэтаксама духоўныя сустрэчы падчас місій арганізаваныя для дзяцей і асобна для моладзі.

Штовечар айцы разам з парафіянамі ўдзельнічаюць у Марыйным апелі. У сераду адбудзецца набажэнства Крыжовага шляху вуліцамі Жалудка.

Святыя юбілейныя місіі скончацца ў нядзелю ўсталяваннем крыжа ў гонар місій каля касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Здымак http://be.wikipedia.org