Skip to main content

Прызначаны дыяцэзіяльны дэлегат па справах катэхізацыі пры ККББ

Кс. Ян Занеўскі, пробашч парафіі Квасоўка дэканату Гродна Усход, 11 сакавіка 2013 г. быў прызначаны Дыяцэзіяльным дэлегатам па справах катэхізацыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ).

Мэтай Катэхетычнай Секцыі, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі з кожнай дыяцэзіі, з’яўляецца падрыхтоўка падручнікаў, як для настаўнікаў рэлігіі, так і для вучняў, таксама іншых дапаможных матэрыялаў на беларускай мове. За гады дзейнасці Катэхетычнай Секцыі была падрыхтавана і зацверджана праграма па рэлігійнаму навучанню, пачынаючы ад дзіцячага садка і аж да 11-га класа.

Паводле вэб-старонкі парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ ў Квасоўцы

 

"(...) Справе катэхізацыі Касцёл надае вялікую ўвагу, прыкладае шмат намаганняў. Пра гэта нам кажуць шматлікія Дакументы Касцёла, а асабліва падкрэслівае гэта Папа Павел VI у Адгартацыі пра Евангелізацыю ў сучасным свеце – Evangelii Nuntiandi (1975) і Слуга Божы Папа Ян Павел II у Адгартацыі пра катэхізацыю ў наш час – Catechesi Tradendae (1979). Мэта катэхізацыі - давесці людзей да адзінства з Хрыстом, да пазнання любові Хрыста. Чацвёртае агульнае сабранне Сыноду біскупаў (кастрычнік 1977) звяртае ўвагу, што кожная катэхеза павінна быць Хрыстацэнтрычнай, гэта азначае, што маем абвяшчаць не сваё ўласнае навучанне, альбо якогасьці іншага вучонага, але маем абвяшчаць навуку Езуса Хрыста. Як кажа Слуга Божы Ян Павел ІІ трэба, каб да кожнага катэхеты можна было аднесці словы Езуса: “Мая навука, не мая, але таго, хто мяне паслаў” (пар. Ян 3,34). Абавязак кожнага катэхеты: глыбокае пазнаванне Божага Слова і навучання Магістэріум Касцёла. Езус – узор настаўніка і таму хто так навучае прыслугоўвае тытул настаўніка.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае рэлігійнае навучанне як сваю найважнейшую задачу. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI у сваёй прамове 5 жніўня 2006 года казаў пра тое, што сёння шмат маладых людзей блукае і ім неабходна дапамагчы знайсці шлях да сапраўднага шчасця. “Мы ўсе павінны знайсці шляхі, каб сустрэцца адно з адным у сем’ях, паміж пакаленнямі, а затым—паміж культурамі і народамі (...). Трэба знайсці шляхі, якія вядуць у будучыню”.

У працэсе шукання саміх сябе і шляхоў, якія вядуць да лепшай будучыні, асаблівае заданне Касцёл у Беларусі ўскладае на выхавацеляў маладога пакалення. У першую чаргу гэта датычыць тых, хто займаецца рэлігійным навучаннем. Сённяшняя моладзь гатова адкрыцца на дабро, на рэлігійныя каштоўнасці. Заданне нашага Касцёла — дапамагчы юнакам і дзяўчатам глыбей зразумець веру, пазнаць яе і навучыць іх жыць ёю кожны дзень.

Маладыя шукаюць праўды ў рэлігіі. Іх вера патрабуе сведчання пра Бога, які ў Езусе Хрысце паказаў сваю любоў да чалавека. Таму ў нашых парафіях, законных супольнасцях і малітоўных групах мы імкнёмся даць ім магчымасць паглыбляць сваю веру. Дзеці і моладзь — гэта наш найкаштоўнейшы скарб, які трэба не толькі берагчы, але і развіваць яго духоўны патэнцыял.

Езус Хрыстус даў нам прыклад таго, як гэта рабіць. Ён любіў дзяцей і нікому не дазваляў пагарджаць імі. Кожны чалавек жадае любові. Святы Ян Боско, якога Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў Айцом і Настаўнікам моладзі, часта паўтараў выхавацелям: “Не кажыце маладым, што вы іх любіце, а рабіце ўсё магчымае, каб яны без словаў адчувалі, што іх сапраўды любяць”. Няма сапраўднай любові без радасці. Евангелле — гэта радасная вестка пра збаўленне, падараванае Богам. Выклікае спраўдны жаль такі “катэхет”, які імкнецца перадаць гэтую радасную вестку, пачынаючы са слова “нельга”: “Нельга ўжываць алкаголь, наркотыкі, нельга курыць”. “А што тады можна?” — пытаюцца маладыя людзі. І менавіта мы, настаўнікі рэлігіі, павінны даць ім адказ — адказ не свой, а Божы — на пытанні, што іх хвалююць.

У Евангеллі паводле св. Лукі чытаем: “Дух Пана на мне” (Лк 4, 18). Гэтыя словы прагучалі ў Назарэце — горадзе, дзе Езус вырас. У святы дзень, у суботу, Ён прыходзіць у сінагогу і там перад усімі сабранымі вернікамі чытае радкі з кнігі прарока Ісаі, што сталі тэмаю нашага разважання. Евангеліст падкрэслівае, што, калі Езус чытаў словы прарока, “вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы, якія вы чулі” (Лк. 4, 20–22). Усе адчувалі, што Хрыстус абвяшчаў штосьці вельмі важнае, таму што гэтыя словы са Святога Пісання прадказвалі прыйсце і місію Месіі, якога так чакаў ізраільскі народ. Нездарма Езус выбраў для чытання менавіта іх, бо з гэтага ўрыўку прысутныя маглі зразумець, што чаканы Месія — перад імі.

Місія Езуса не мае нічога агульнага са звычайнай філантропіяй, ані з чалавечай мудрасцю ці ўдалай палітычнай праграмай. Яна з’яўляецца плёнам дзеяння Святога Духа: “Дух Пана на Мне” (Лк 4, 18). Гэтым самым Духам, які ў дзень Пяцідзесятніцы сышоў на апосталаў і спачывае на ўсіх хрысціянах, павінны быць напоўнены мы, катэхеты, каб кіравацца ў сваім служэнні выключна Яго натхненнем.

Абвяшчаючы людзям Евангелле, Езус Хрыстус адначасова выхоўваў іх. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не только імкнецца навучаць, але і выхоўваць. Калі заданне школы, акрамя перадачы ведаў, заключаецца ў выхаванні сумленных і адказных грамадзянаў, то праз катэхізацыю і рэлігійную практыку мы павінны прывіваць маладому пакаленню хрысціянскія каштоўнасці, а таксама ўдасканальваць яго духоўнае і маральнае жыццё.

У школе выкладаюцца розныя прадметы, і, безумоўна, усе яны важныя. Навука рэлігіі па сваім значэнні не саступае ніводнаму з іх, а, магчыма, нават з’яўляецца больш важнай за ўсе школьныя прадметы, разам узятыя, таму што навучае таму, як быць чалавекам сумленным, як прабачаць, як дапамагаць іншым, як любіць Бога і бліжняга. Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне — сапраўдную мудрасць.

Кажучы пра рэлігійнае навучанне ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, трэба выказаць вялікую ўдзячнасць нашым катэхетам, святарам, сёстрам законным, асобам свецкім. Дзякуючы ім, Божае Слова можа пачуць большая колькасць людзей. Іх служэнне вельмі патрэбнае людзям рознага ўзросту: ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога і веру Касцёла, і да тых людзей, якім толькі ў сталым узросце адкрылася праўда Хрыстовага Евангелля. Акрамя таго, ім даводзіцца працаваць з групамі падрыхтоўкі да Першай Камуніі, з падлеткамі, юнакамі і дзяўчатамі, з вучнямі старэйшых класаў, з працоўнай і студэнцкай моладдзю і іншымі групамі вернікаў. І да кожнага знаходзяць свой падыход, адпаведныя словы, каб данесці да чалавека Божае Слова. Такім чынам, катэхеты з’яўляюцца ў парафіях як быццам працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў, даручаных ім святаром (...)"

Вытрымкі з даклада кс. Аляксандра Яшэўскага "Стан рэлігійнай адукацыі ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі" на канферэнцыі "Новая евангелізацыя ў сучасным свеце" Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 7–8 лістапада 2009 г.