Skip to main content

IV Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN

ІV Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN

Разважаючы над Евангеллем у чацвёртую Велікодную Нядзелю, калі Касцёл моліцца за новыя пакліканні да службы Богу, перад намі паўстае вобраз Езуса Хрыста, добрага Пастыра.

Заўсёды, калі я чытаю Евангелле ад Яна ў 10 главе 27 верш, калі Езус кажа: "Авечкі мае слухаюць мой голас", я ўзгадваю, як Марыя Магдалена сустрэла Уваскрослага Хрыста, не пазнала Яго, і толькі калі Езус паклікаў яе па імені "Марыя", яна адразу пазнала голас свайго Бога і Збаўцы.

Сёння час суцэльнага хаосу і шуму, калі нас пастаянна атакуе плынь інфармацыі, з усіх бакоў мы чуем галасы: часта слухаем музыку ці радыё, сядзім у інтэрнэце, за тэлевізарам, бачым рэкламныя плакаты - з усіх бакоў розныя галасы і прапановы, і нават у грамадскім транспарце. Ці зможам мы ў такой сітуацыі пачуць, калі да нас звяртаецца Езус? 

Давайце паспрабуем адказаць на пытанне: чый голас я слухаю і за кім іду?

Госпад гаворыць да нас праз Святое Пісанне, навуку Касцёла, праз нашых святароў, падчас казання, а асабліва, падчас ушанавання Святых Дароў, калі мы сам-насам застаемся з Хрыстом. Не бойцеся прысвяціць свой час і прыйсці да Езуса. каб быць з Ім і пачуць, як Ён кліча нас па імені, можа, да святарства, можа, да манаскага жыцця, можа, да сужанства, важна - пачуць Яго голас і заклік ісці разам з Ім; бо ніхто ж не можа адлучыць нас ад любові Божай, бо "Айцец большы за ўсіх". І толькі ў Хрысце жыццё вечнае.