Skip to main content

IV Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

IV Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Чацвёртая Велікодная нядзеля – Нядзеля добрага пастыра, нагадвае кожнаму з нас аб нашай прыналежнасці да вялікай сям'і дзяцей Божых. А як у кожнай сям'і бацькі альбо старэйшыя браты і сёстры павінны быць прыкладам да наследавання для малодшых.

Хацеў бы сённяшняе разважанне распачаць з невялікай гісторыі.

“Адзін са святароў у размове з чалавекам, які згубіў сэнс жыцця, пачуў ад яго пытанне: "Чаму ксёндз упэўнены ў абранай дарозе?" Святар адказаў: "Я іду за людзьмі, якія ўжо прайшлі гэтай дарогай і маюць яе за сабой: за Паўлам з Тарсу, за Аўгустынам з Гіпоны, за Францішкам з Асізі, братам Альбертам і многімі-многімі іншымі, ім падобнымі. Не маю часу, каб шукаць іншую, новую дарогу. Проста іду за імі. "А калі яны ўсе памыліліся? – спытаў суразмоўца. - То, напэўна, памыліўся і ксёндз?" "Гэта праўда, – адказаў святар. – Але нават каб яны памыліліся, то гэта адзіная памылка, якую варта зрабіць на зямлі, таму што дарога, якую яны выбралі, дазволіла ім дасягнуць дасканаласці. Не бачу нікога іншага на свеце, хто мог бы з імі зраўняцца. Гэта людзі вялікага сэрца. Калі яны нават і памыліліся, то хачу памыліцца разам з імі".

Дарагія чытачы партала, святар з прыкладу выбраў сваю дарогу, што большае, выбраў сабе праваднікоў для наследавання. А ці выбраў свой шлях кожны з нас? Хто з'яўляецца нашым правадніком?

Як часта ў нашым жыцці мы ідзём не па той дарозе, як часта мы выбіраем сабе праваднікоў, якія вядуць нас да роспачы, да страты сэнсу жыцця, да страты веры.

У наш век мы знаходзімся пад пастаянным прэсам смі, людзей-“гуру”, якія ведаюць адказы на ўсе пытанні, і ад кожнага з нас нічога не залежыць, мы павінны, як тыя хворыя, выпіць нейкі парашок і усё будзе добра. Але ці на самой справе гэта так? Напэўна, кожны з нас скажа, што не, бо без нашага чыннага і свядомага ўдзелу нашае жыццё не зменіцца, а нават пагоршыцца.

Хацеў бы заклікаць Вас, дарагія, да слухання Езуса Хрыста, Якія прамаўляе непаўторна да сэрцаў кожнага з нас. Ён, як тое малое дзіця, чакае, пакуль Яго пачуюць, але не навязвае свайго светапогляду, бо не хоча парушыць нашай вольнай волі.

Езус, як добры пастух, хоча і кожнага з нас бачыць у сваёй аўчарні, кожнага з нас Ён ведае паіменна і хоча, каб мы ішлі за Ім у духу і ў праўдзе. Бо менавіта дзякуючы Яму мы будзем мець вечнае жыццё, і калі кожны з нас моцна прыпадзе да Езуса, то нішто нас не зможа разлучыць з Ім.

Жадаю Вам і сабе, дарагія браты і сёстры, належыць да вялікага натоўпу, якога ніхто не зможа палічыць, апранутага ў белае адзенне і з пальмавымі галінкамі ў руках спяваць “Хасанна” нашаму Нябеснаму Айцу.

Прашу таксама Вас, узлюбленыя ў Хрысце Пану, услед за папам Францішкам, “быць блізка вашых святароў з любоўю і малітвай, каб заўсёды былі Пастырамі паводле Божага сэрца". Мы патрабуем Вашай малітвы за нас.

Дзякуй за Вашыя малітвы!..