Skip to main content

На Нядзелю добрага пастыра гродзенскія клерыкі сустрэнуцца з вернікамі

Сёлета каталіцкі Касцёл у 50 раз адзначае Сусветны дзень малітваў за пакліканні – час малітвы аб святарскіх і манаскіх пакліканнях. Гродзенская семінарыя з пачатку свайго заснавання на кожную IV Велікодную Нядзелю далучаецца да гэтай паўсюднай акцыі каталіцкага Касцёла. У гэты дзень усе клерыкі семінарыі выязджаюць на парафіі усёй дыяцэзіі даваць сведчанне сваёй веры.

Клерыкі ў лісце ад імя ўсёй семінарыйнай супольнасці звяртаюцца да вернікаў, а пасля св. Імшы ладзяць сустрэчы з вернікамі.

IMG 0147- У гэтым лісце стараемся перадаць тое, што адчувае нашая супольнасць на штодзень, - распавядае кс. рэктар Юзаф Станеўскі. – Мы звяртаемся да вернікаў нашай дыяцэзіі, а таксама да святароў, манаскіх супольнасцяў з просьбай аб малітве, каб Пан жніва паслаў работнікаў, а таксама каб святары і сёстры ведалі і адчулі на месцы тое, што ад іх працы ў парафіі залежыць, што той ці іншы хлопец ці дзяўчына выразна адчуюць сваё пакліканне і змогуць яго выявіць. Таму мы едзем, каб моладзь убачыла клерыкаў, едзем, каб паказаць ёй дарогу да алтара, каб дапамагчы вернікам убачыць шлях да еднасці з Хрыстом.

 

Дыяцэзіяне вельмі ўдзячныя за гэтыя выезды і вельмі прыязна рэагуюць на візіты клерыкаў, кажа ксёндз рэктар.

- Таксама падчас гэтых выездаў мы збіраем сродкі на акцыі паклікання, якія мы ладзім у семінарыі для школьнай моладзі і студэнтаў некалькі разоў на год – у час школьных канікулаў. Бывае, па 40 чалавек прыязджае. А гэта патрабуе выдаткаў. І людзі вельмі нам дапамагаюць, - дадае кс. Юзаф.

Клерыкі семінарыі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад такіх выяздных акцыяў паклікання.

Дыякан Павел:

- Для мяне выезды ў парафіі на Нядзелю добрага пастыра гэта не прымус, хоць семінарыя і пасылае клерыкаў і дыяканаў на парафіі. Гэта ідзе з майго сэрца, можна сказаць, мая сённяшняя патрэба, бо гэта адна з формаў душпастарства паклікання. Бо ў цяперашным свеце маладым людзям вельмі цяжка знайсці сапраўды сваю дарогу паклікання, таму што вельмі шмат галасоў гучыць адусюль, і яны павінны выбіраць. І каб дапамагчы ім выбраць, каб даць сведчанне, мы і прыязджаем – як сведкі, якія самі гэты выбар перажылі, паступілі ў семінарыю, прайшлі сваю дарогу распазнання паклікання і гатовыя гэтым падзяліцца.

 

Клерык Аляксандр:

- Падчас гэтай акцыі мы не толькі чытаем ліст ад імя семінарыйнай супольнасці. Яе фармат прадугледжвае таксама і розныя сустрэчы з моладдзю, напрыклад. Маладыя людзі ў некаторых парафіях вельмі актыўныя і задаюць шмат пытанняў, у некаторых не вельмі. Пераважна пытанні тычацца таго, як знайсці сябе ў гэтым свеце сярод тых дарог, якія прапануе цяперашні свет, таксам часта пытаюць, як мы знайшлі сваю дарогу, чаму прыйшлі ў семінарыю. Вынікі акцыі заўважаюцца не адразу, бо ўсё ж маладым людзям патрэбны час, каб задумацца над пачутым і паспрабаваць пачуць сябе. Парафіі Гродзенскай дыяцэзіі сустрэнуць семінарыстаў 21 красавіка.