Skip to main content

Iнтэрактыўную мапу гiстарычных помнiкаў зробiць гродзенская моладзь

13 красавіка ў Гродне адбылася агульнагарадская акцыя "Спыні імгненне", падчас якой мясцовыя фатографы зрабілі здымкі каля 300 гісторыка-культурных помнікаў. Са слоў аднаго з ініцыятараў мерапрыемства Таццяны Касатай, фота пасля апрацоўкі будуць скарыстаныя для стварэння віртуальнай мапы Гародні для яе жыхароў і турыстаў.

На мапе адзначаць гісторыка-культурныя помнікі горада з суправаджальнай інфармацыяй і здымкамі ў іх ранейшым і сучасным выглядзе.

За дзень да пачатку акцыі на старонке “Варштарт ідэй” на Фэйсбуку зарэгістравалася каля 70 удзельнікаў, але ў адзначаны час прыйшло ўсяго толькі чвэрць ахвотнікаў сфатаграфаваць мясцовыя помнікі.

Удзельнікі атрымалі карткі, на якіх было акрэслена, якія аб’екты патрэбна сфатаграфаваць і з якога ракурсу. Складанасць была ў тым, што горад няспынна перабудоўваецца, і некаторыя помнікі не захаваліся да нашага часу. Так, напрыклад, не кожны гарадзенец ведае, што на месцы драмтэатра калісьці быў мужчынскі кляштар.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У якасці падарунка арганізатары прыгатавалі для фатографаў экскурсію ў вежу Фарнага касцёла, дзе знаходзіцца найстарэйшы ў Еўропе гадзіннік. Унутры вежа цагляная, а да гадзіннікавага механізму XV стагоддзя вядзе стромкая лесвіца, асветленая нешматлікімі акенцамі.

Аўтары самых лепшых фотаздымкаў атрымаюць прызы. Пераможцаў вызначаць па выніках інтэрнэт-галасавання.

Крыніца: vgr.by