Skip to main content

У гродзенскай вобласці распачалася дабрачынная акцыя

Некалькі тыдняў таму стартавала дабрачынная акцыя па збору сродкаў “Анёл у тваім сэрцы”, якая праводзіцца ўжо трэці год запар па ініцыятыве Гродзенскага абласнога аддзялення “Беларускага дзіцячага фонда” і скіравана на аказанне дапамогі дзецям сіротам і інвалідам. У гэтую акцыю таксама ўключаецца Касцёл на гродзеншчыне праз каталіцкую дабрачынную арганізацыю "Карытас".

Паводле слоў кс. Віталія Дабраловіча, дырэктара гэтай дабрачыннай структуры, ў мінулым годзе пры дапамозе некаторых парафій з нашай дыяцэзіі на гэтыя мэты было сабрана пяць мільёнаў рублёў, якія былі прызначаны на ратаванне жыццяў дзяцей, якім патрабавалі каштоўных аперацый за мяжой, а таксама іх пасляаперацыйнай рэабілітацыі.

Збор сродкаў праводзіцца да 15 мая, а падвядзенне вынікаў традыцыйна будзе праводзіцца ў Міжнародны дзень аховы дзяцей 1 чэрвеня.

 

Даведка:

Карытас - адна з дабрачынных арганізацый Каталіцкага Касцёла, які ад самага пачатку займаўся дабрачыннай дзейнасцю. Асноўнай мэтай “Карытас” з’яўляецца праяўляць дзейсную любоў да бліжняга.

У Гродзенскай дыяцэзіі “Карытас” існуе з 1990 года. 24 сакавіка 1994 года была атрымала афіцыйную дзяржаўную рэгістрацыю. Гродзенская “Карытас” на дадзены момант супрацоўнічае са шматлікі краінамі, такімі як,  Аўстрыя, Данія, Германія, Ірландыя, Польшча і Злучаныя Штаты Амерыкі. З 2005 года яе дырэктарам з’яўляецца кс. Віталій Дабраловіч.

“Карытас” у Гродне ажыццяўляе шэраг дабрачынных праектаў. Яе дапамога накіравана перш за ўсё да шматдзетных сям'яў, самотных людзей і бяздомных. Арганізацыя супрацоўнічае з парафіямі, школамі, шпіталямі, адукацыйнымі ўстановамі, дабрачыннымі фондамі і таварыствамі. З самага пачатку свайго існавання “Карытас” клапоціцца пра духоўнае развіццё людзей, праводзіць кансультацыі, падтрымлівае ў крызісных сітуацыях.

У сваёй дзейнасці “Карытас” практыкуе розныя метады працы. З 1992 года арганізуюцца паездкі ў лагеры ў Польшчы і Аўстрыі. На тэрыторыі Беларусі такія лагеры адпачынку ладзяцца ў Няцечы. У першую чаргу там адпачываюць дзеці з малазабяспечаных сем’яў. З 1996 года “Карытас” разам з сёстрамі назарэтанкамі арганізоўвае сталоўку для бяздомных. З 1998 года ў многіх парафіях рэалізуецца праект “Канікулы з Богам”, дзякуючы якому дзеці маюць магчымасць адпачываць і духоўна развівацца .