Skip to main content

Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN

Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN

Евангеліст Ян вучыць нас у гэтым урыўку Евангелля, што нашае жыццё і нашая сувязь з Богам прапарцыйна залежаць ад нашай веры. Св. Ян у адрозненне ад іншых евангелістаў не запісаў канкрэтных словаў., якія кажуць, што Хрыстос Уваскрос. Ён прымае гэты факт як ужо здзейснены і абвешчаны раней: мы бачым праслаўленага Хрыста ў таямніцы Крыжа.

На крыжы мы ўбачылі найпрыгажэйшага з Сыноў чалавечых. Сённяшняе Евангелле адкрывае нам, што ад нашай веры і нашага погляду залежыць, ці ўбачым мы Уваскрослага Хрыста толькі ў Велікодны ранак ці таксама і ў шэрай паўсядзённасці нашага "Назарэта" і на гары Галгофе, калі жыццё пагружанае ў цемру, ці ў такія моманты мы будзем з Уваскрослым Хрыстом.

Пра гэта вырашыць нашая здольнасць бачыць глыбей, не проста вачыма, а вачыма сэрца. Ці зможам мы пазнаць Хрыста ў простых знаках кожнага дня, узрастаючы ў веры і быць так блізка з  Хрыстом, як Яго ўзлюблены вучань? Ад нашай здольнасці бачыць сэрцам залежаць і нашыя адносіны з Ісусам, ці перарастуць яны ў сапраўднае сяброўства з Ім, ці будзе ў нас жаданне шукаць Яго. Калі мы ўбачым нашым сэрцам, што "Хрыстос узлюбіў нас да канца - аддаў за нас жыццё", і адчуем Яго любоў - яна зможа змяніць і нашае жыццё.

Марыя Магдалена ідзе да гробу рана, калі было цёмна, чытаем мы ў Евангеллі, але тут св. Ян падкрэслівае, што цёмна было ў яе душы, і што гэтая цемень не дазваляла ёй убачыць свет жыцця і адчуць прысутнасць Уваскрослага Хрыста. Яна хацела яшчэ раз убачыць цела Ісуса, а не Таго, Хто дорыць жыццё. Марыя паверыла, што смерць перамагла жыццё. І ў такім душэўным стане Марыя ідзе да гробу. І толькі бачыць камень, адкінуты ад гробу. Яна бачыць не вачыма сэрца, і таму не распазнае знак жыцця - пусты гроб.