Skip to main content

Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Велікодная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

На працягу гісторыі чалавецтва шукае лекі і магчымасці, каб жыць вечна, але на жаль, гэтую вечнасць адносіць выключна да зямнога жыцця. Праз гэтыя пошукі людзі забываюць, што Бог пра ўсё ўжо паклапаціўся за нас. І доказам гэтага з'яўляецца сённяшняе свята.

Сёння у касцёле кожны з нас чуе, што Хрыстос Уваскрос. Чуе праўду, якой ужо не адно стагоддзе, праўду, якая адкрывае сэнс зямнога жыцця чалавека. Дзякуючы Уваскрасенню Езуса Хрыста веруючы чалавек знаходзіць у сваім штодзённым жыцці сэнс цярпення, выпрабаванняў, хваробаў і самае галоўнае - знаходзіць сілы, каб пераадолець усё гэта і каб змагацца са злом, з якім сутыкаецца ў жыцці. Праўду Уваскрасення ўвесь час аспрэчваюць, высмейваюць, спрабуюць знайсці “навуковыя” доказы яе немагчымасці альбо нелагічнасці – усё гэта робіцца, каб толькі апраўдаць сваё нявер'е, свой выбар не на карысць Бога. Напэўна, кожны з нас чуў словы: “Касцёл не модны. Устарэў у сваіх поглядах. Нічога новага не дае.” Але ці гэтыя лозунгі маюць рацыю?

Хацеў бы прывесці Вам, дарагія чытачы, ва Уваскрослым Хрысце Пану браты і сёстры, пэўную гісторыю: “Аднаго разу пэўнага пажылога навукоўца абакралі. Але калі ён апавядаў аб выдарэнні, то рабіў гэта з усмешкай. Калі ў яго спыталі аб прычыне сваёй усмешкі, ён падзяліўся спісам скрадзенага: новае радыё з магнітафонам, будзільнік, 200 даляраў і бутэлька каньяку, а там на паліцы стаяць дзве старыя кнігі, за якія можна было б купіць некалькі добрых аўтамабіляў, а яны ўзялі будзільнік і каньяк і яшчэ моцна напрацаваліся, каб перапілаваць краты," – смяяўся стары. Штосьці падобнае адбываецца і ў нашым жыцці: мы гонімся за навінкамі, хочам не мець нічога агульнага са старым, але на жаль, застаемся ў пройгрышы, бо марнуем самы вялікі скарб, якім з'яўляецца нашае збаўленне.

Хрыстос уваскрос для кожнага з нас і хоча з кожным з асабіста спаткацца. Ён прыходзіць да кожнага з нас, дарагі брат і сястра, бо напэўна кожны адчуваў Яго прысутнасць у сваім жыцці, можа, у хвіліну радасці, хвіліну выпрабавання, хвіліну гора. Езус прыходзіць да кожнага і грукае ў дзверы сэрца, знаходзячы патрэбныя словы. Нашая справа пачуць і адгукнуцца на стук, бо Бог прыйшоў выратаваць, адухавіць, змяніць жыццё не толькі ўсіх, але кожнага асабіста.

Хацеў бы пажадаць Вам, дарагія, адкрыць свае сэрцы для Уваскрэслага Езуса Хрыста, каб Ён нас уваскрасіў да жыцця з Сабой, каб кожны, гледзячы на пусты Гроб Пана, знайшоў сілы ісці ў пілігрымцы праз зямное жыццё да Нябеснага Валадарства. Каб кожны з нас забраў у сваім сэрцы радасць і думку, што Бог аб'явіўся і мне, як святому Паўлу. Ён і для мяне ўваскрос, са мной размаўляе, са мной застаецца і будзе заўсёды як мой Бог і Збаўца.

Хрыстос Уваскрос!!!