Skip to main content

Св. Імша Хрызма ў катэдры: святар павінен фармаваць свет любоўю

Сёння, у Вялікі чацвер, у катэдры была адпраўлена св. Імша Хрызма, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Каля 150 святароў з усёй Гродзенскай дыяцэзіі прыехалі прыняць удзел у літургіі, падчас якой біскуп блаславіў алеі хворых і катэхуменаў, а таксама асвяціў святое хрызма. Гэта таксама вялікае свята для кожнага святара, таму што ў Вялікі чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамант святарства.

У гэты дзень некаторыя святары, якія працуюць у нашай дыяцэзіі святкуюць юбілеі святарскіх пасвячэнняў: за 50 гадоў служэння дзякуе кс. Веслаў Дамброўскі SDB, за 25 гадоў — кс. др Раман Катлімоўскі, кс. Цэзарый Міх, кс. Ян Раманчук, а. Казімір Мараўскі OCD і а. Леанард Цеханоўскі OCD.

Пасля ўрачыстай працэсіі ксёндз біскуп прывітаў усіх прысутных святароў: ксяндзоў прэлатаў, канонікаў, біскупскіх вікарыяў, ксяндзоў прафесараў і выкладчыкаў, духоўных айцоў, дыяканаў, клерыкаў.

На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп заахвоціў прысутных вернікаў да малітвы за святароў, за новыя святарскія пакліканні, а таксама за стойкасць у ласцы паклікання да канца жыцця.

У сваёй гаміліі Яго Эксцэленцыя звярнуўся да святароў, кажучы:

Часта кажам, што гэта нашае свята – свята падзякі за дар і таямніцу, якімі з’яўляецца святарства. Гэта таксама дзень гарачай просьбы, закліку да Бога аб сіле і моцы ў выкананні місіі, даверанай нам самім Хрыстом. У гэты дзень святкуем устанаўленне сакраманту святарства і звяртаемся ў памяці да нашага “так”, якое сказалі Хрысту ў дзень прыняцця пасвячэнняў. […] Кожны з нас, святароў, усё тое, кім ён з’яўляецца, і ўсё тое, што мае, атрымаў для таго, каб даваць, дзяліцца, і прычым бескарысліва, не чакаючы словаў падзякі. Толькі тады, калі палюбім Езуса адзінай і выключнай любоўю, калі пакінем усё і ўсіх, каб пайсці за Настаўнікам, калі ў сваім чалавецтве будзем дарастаць да таго, каб быць другім Хрыстом – толькі тады будзем здольныя “кшталтаваць свет любоўю”, як заахвочвае нас Бенедыкт XVI.

Таксама ксёндз біскуп заахвочваў памятаць пра тое, што святар абвяшчае слова, адначасова гэтым словам жыве. "Не павінна быць рознагалосся паміж абвяшчэннем і жыццём. “Няхай слова “Амэн”, якім сканчаем кожную гамілію, выражае нашае “так” для Божага Слова,” – дадаў Яго Эксцэленцыя.

У час гэтай св. Імшы святары аднавілі свае святарскія пакліканні, станоўча адказваючы на 5 пытанняў ксяндза біскупа адносна святарскага служэння. Напрыканцы літургіі айцец д-р Андрэй Шчупал CssR, духоўны айцец святароў дыяцэзіі, звярнуўся з прывітальным словам да прысутных святароў і ксяндза біскупа.

Увечары ў Вялікі чацвер адбудзецца св. Імша Вячэры Пана, якая распачне святы Пасхальны Трыдуум. У гродзенскай катэдры яна распачнецца а 19-й гадзіне.