Велікапосныя рэкалекцыі сёлета ў гродзенскім Фарным касцёле праводзіць кс. Андрэй Рылка, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага універсітэта Яна Паўла ІІ і сталы публіцыст у розных каталіцкіх СМІ. Сёння трывае апошні дзень рэкалекцый, і мы распыталі святара пра тэму сёлетніх разважанняў у Вялікі пост, наколькі гэтая тэма аказалася запатрабаванай, а таксама закранулі пытанні сустрэчы чалавека з Богам і паняцця ўмення Яго пачуць.
Якая тэма рэкалекцый і чым яна абумоўленая?
Тэмай я абраў “Асабістыя адносіны з Богам”. Чаму я выбраў гэтую тэму? За святарскую практыку, назіраючы за рознымі чалавечымі праблемамі, я заўважаю, што людзі вельмі часта пачынаюць канцэнтравацца на сваіх праблемах, калі задумваюцца над жыццём. І яны думаюць, што калі вырашаць нейкую праблему, то гэта ім дапаможа. А рэальна атрымліваецца так, што праблема вырашаецца тады, калі чалавек сустракаецца з Богам. То бок спачатку ён адкрывае для сябе Бога, а пасля надыходзіць вырашэнне праблемы. А людзі часта думаюць наадварот. Спачатку думаюць над праблемай, і калі самі не спраўляюцца, то тады прыходзяць да Бога. Таму трэба развярнуць гэтую сітуацыю.
А што Вы разумееце пад словамі “сустрэцца з Богам”?
Адносіны з Богам часта ў людзей фармальныя. Яны прыходзяць да Бога як да нейкага начальніка, каб нешта ў Яго ўзяць. Людзей цікавіць не Бог як асоба, а божае, не Бог, а божае. Ім патрэбны не дарыцель, а дар. Яны думаюць, што гэтага ім будзе дастаткова. У такіх адносінах чалавек сканцэнтраваны на сабе. Калі чалавек кіруецца сваімі эгаістычнымі патрэбамі і прыходзіць з імі да Бога, то атрымліваецца, што самае важнае – патрэбы чалавека. А вельмі часта мы памыляемся ў вызначэнні нашых патрэбаў.
А калі чалавек спрабуе навязаць нейкія асабістыя адносіны з Богам, сустрэцца з Ім, паразмаўляць з Ім, то, вядома, гэта ўжо атрымліваецца цяжэй – гэта цяжэйшая вера, цяжэйшая малітва. Бо гэта ўжо трэба пасядзець і засяродзіцца, трэба больш слухаць, а не гаварыць. Такая вера падштурхоўвае чалавека пачаць чытаць Біблію, пачаць больш даведвацца пра Бога. Бо калі ёсць нейкая асоба, якую я не ведаю, з якой у мяне былі “службовыя” адносіны, то калі ўзнікае патрэба стасункаў на іншым узроўні, то пра гэтую асобу трэба даведацца больш.
Заўсёды цяжкія і не зусім зразумелыя словы “пачаць слухаць Бога”. А як Яго чуць?
Часта здараецца так, што чалавеку адразу хочацца чуць Бога. Але гэта, скажам так, вышэйшы пілатаж у адносінах з Богам. Да гэтага трэба дарастаць. На рэкалекцыях, пры сустрэчах з людзьмі я кажу так: адносіны з Богам гэта як з чалавекам, у якога закахаўся. У адносінах да чалавека, якога мы не любім, мы прыходзім, каб штосьці ўзяць. А калі ёсць каханне, то пачынае цікавіць усё ў гэтым чалавеку, ты пачынаеш яго адчуваць. І калі адносіны, глыбокія, працяглыя, то ўжо нават па паводзінах можаш зразумець, што ён адчувае ці перажывае. Як муж адчувае жонку, напрыклад. Так і ў адносінах з Богам. Калі яны развіваюцца, тады чалавек пачынае больш адчуваць Бога. А калі казаць больш канкрэтна, то Божая воля ці ўвогуле тое, пра што нам Бог хоча сказаць, дзейнічае праз добрыя думкі, добрыя натхненні, праз нейкія падзеі ў жыцці. Гэта распазнаванне Божай волі вельмі добра распрацаванае езуіцкай духоўнай школай духоўнасці. Святы Ігнацый Лаёла вучыў, як распазнаваць духаў – дзе Божы дух, дзе злы, дзе чалавечы фактар. Калі мы адчуваем нейкае добрае натхненне і мяркуем, што гэта ад Бога, то тады правяраем, на што яно скіраванае, якія будуць магчымыя наступствы. Калі яны добрыя, калі яны Божыя, не супярэчаць ні Бібліі, ні Божаму вучэнню, то яшчэ большая верагоднасць, што гэта ад Бога. Пасля св. Ігнацый казаў, паглядзі, якую рэакцыю ў цябе яны выклікаюць: ці ў душы адчуваеш мір, супакой ці наадварот хаос, пастаянны неспакой. Гэта знакі ад Бога ці злога духа?.. Ад каго паходзіць гэтае натхненне ці думка?..
Наколькі вернікі цікавяцца тым, пра што Вы распавядаеце на сёлетніх рэкалекцыях у катэдры? Ці адчуваеце Вы сярод людзей запатрабаванасць тэмы, якую прапанавалі?
Людзі, якія прыходзяць на рэкалекцыі, гэта веруючыя людзі, якія маюць нейкае духоўнае жыццё. Але не маюць адчування нейкага духоўнага камфорту. І тут патрэбная карэкціроўка – перайсці ад канцэнтрацыі на дарах Божых, як я гэта называю, да Дарыцеля. Калі чалавек узыйдзе крыху вышэй на гэты ўзровень адносінаў з Богам, тады многія праблемы вырашаюцца. Вядома, ёсць розныя людзі, некаторыя гэтага не разумеюць. Ці ёсць кантынгент людзей, для якіх гэта занадта складаныя паняцці пакуль што. Але я ў першую чаргу кіруюся да тых людзей, якія нешта шукаюць.