Skip to main content

VI Нядзеля Вялікага посту. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

VI Нядзеля Вялікага посту (Пальмавая Нядзеля). Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Сёння адзначаем Вербную Нядзелю, літургічную ўрачыстасць уезду Пана Езуса ў Ерусалім. З яе пачынаецца Вялiкi тыдзень, якi непасрэдна папярэднiчае велiкодным святам. Вербная нядзеля прысвечана асаблiваму разважанню пра пакуты Хрыста i рыхтуе вернiкаў да перажывання iх у набажэнствах Вялiкага тыдня.

У старажытных габрэяў быў звычай, што цары і пераможцы заязджалі ў Ерусалім на конях або аслах, і народ урачыстымі крыкамі, з пальмавымі галінкамі ў руках сустракаў іх. Вядома, што ў Палестыне было мала коней і іх выкарыстоўвалі толькі для вайны. Для будняў і падарожжаў выкарыстоўваліся аслы, мулы альбо вярблюды. Такім чынам склалася, што сесці на каня з'яўлялася сімвалам вайны, а сесці на асла альбо мула - сімвалам супакою. У мірны час і цары, і народныя правадыры ездзілі на гэтых жывёлах. Такім чынам, уваход Езуса Хрыста ў Ерусалім на асле быў сімвалам супакою. Валадар Сусвету ўступае ў Ерусалім, але не як зямны кароль або пераможца ў вайне, а як Цар Божага Валадарства, Пераможца граху і смерці. Менавіта гэта прадказваў шмат стагоддзяў таму прарок Захарый, абвяшчаючы прыход Месіі.

Езус увайшоў у Ерусалім як трыюмфатар. Праз некалькі дзён у гэтым жа горадзе Яго цвікамі прыбілі да крыжа. Цяпер мы разумеем, што для многіх людзей захапленне з нагоды ўваходу Езуса ў Ерусалім было вельмі кароткачасовым. Ужо праз пяць дзён гэтыя ж людзі з энтузіязмам крычалі: "Укрыжуй!!!"

Уваход Езуса ў Ерусалім патрабуе ад кожнага з нас паслядоўнасці і настойлівасці, глыбокай вернасці, каб нашая рашучасць не была хвіліннай. У глыбіні нашых сэрцаў знаходзяць месца дзіўныя кантрасты: мы здольныя і да самага добрага, і да самага дрэннага. Калі мы хочам стаць удзельнікамі Боскага жыцця, хочам радавацца разам з Хрыстом, то павінны ўвесь час пераадольваць усё тое, што аддзяляе нас ад Бога і не дазваляе нам ісці за Iм да падножжа Крыжа.