Skip to main content

V Нядзеля Вялікага посту - кс. Андрэй Кеўлюк

V Нядзеля Вялікага посту. Кс. Андрэй Кеўлюк

Кніжнікі і фарысеі вельмі даўно спрабавалі падлавіць Езуса. І сённяшняе Евангелле паказвае нам, што такая магчымасць у іх з'явілася. Злавілі жанчыну на чужаложстве і прывялі да Езуса. Відавочная інтрыга. Калі Езус скажа яе пакараць, паводле Права Майсея, то страціць рэпутацыю міласэрнага чалавека і гэта будзе супярэчыць яго навуцы аб прабачэнні. І другі бок медалю: калі не асудзіць, то парушыць Права Майсея, паводле якога за чужаложства трэба было каменаваць, і Езус будзе абвінавачаны ў нешанаванні Права Божага і паставіць пад сумнеў сваю еднасць з Богам.

Кніжнікі і фарысеі выставілі таксама на выпрабаванне і жанчыну, публічна выявіўшы яе грэх, тым самым зняславіўшы яе. І што на гэта ўсё Езус? Ён нешта піша на зямлі. Ёсць меркаванне, што Ён пісаў грахі людзей, якія прывялі жанчыну, але ці так, гэта невядома. І напэўна, не самае галоўнае у сённяшнім Евангеллі. Больш важнае гэта Яго рэакцыя: Езус не пачаў крычаць, не выбухнуў гневам ні на жанчыну, ні на яе суддзяў, не пачаў яе абвінавачваць. Езус толькі сказаў: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”.

Праз гэтыя словы Ён даў зразумець суддзям іх грэшнасць, а таксама брак права абвінавачваць іншых. Не можа абвінавачваць другіх той, у каго самога сумленне не чыстае. Кніжнікі і фарысеі, напэўна, зразумелі гэта, бо вырашылі паціху адыйсці. Застаўся толькі Збаўца і тая, якая патрабавала збаўлення; Езус адарыў яе позіркам сэрца, бо, нягледзячы на бруд і пыл, якім яна была пакрыта, убачыў ў ёй аблічча чалавека, створанага па вобразе і падабенстве Бога. І сказаў да яе: “І Я не асуджаю цябе”. Запэўніў тым самым яе і нас, што Ён як Бацька – багаты на міласэрнасць. Не асудзіў чалавека, хоць асудзіў грэх, паказаў, што трэба любіць чалавека, а ненавідзець яго грэх – гэта навука нашага Сябра Езуса Хрыста. У кожным з нас яна павінна нарадзіць надзею і ўпэўненасць, што і мы, калі будзем знаходзіцца, альбо можа цяпер знаходзімся, у сітуацыі, падобнай да чужаложнай жанчыны, можам мець упэўненасць, што прыйшоўшы да Езуса, не будзем адкінутыя, але ачышчаныя і ўзмоцненыя Яго міласэрнасцю.

Аднак сённяшняе Евангелле не заканчваецца толькі словамі міласэрнасці і даравання. Апошнія словы, якія пачула грэшная жанчына ад Збаўцы, нагадваюць нам праўду аб Божай справядлівасці: “Ідзі, і адгэтуль больш не грашы”. Езус прабачае, але абавязвае да змены жыцця. “Не грашы” – гэта як рэцэпт на добрае жыццё. У гэтым рэцэпце знаходзіцца парада, як жыць, каб не асуджаць і не судзіць; як жыць у згодзе з Богам, іншымі людзьмі і, самае галоўнае, у згодзе з самім сабой.

Хацеў звярнуцца бы да вас, дарагія чытачы партала, і запрасіць ВАС і ВАШЫХ БЛІЗКІХ да скарыстання з сакраманту пакуты і паяднання. Езус любіць нас і хоча кожнаму даць рэцэпт на добрае і годнае жыццё!